Былы канцлер Нямеччыны Герхард Шродэр зноў выбраны старшынём рады дырэктараў «Роснефти». Аб гэтым паведамляецца на сайце расейскай дзяржаўнай нафтавай кампанія.
Шродэр зьяўляецца старшынём рады дырэктараў «Роснефти» з 2017 году. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель тады выступіла з крытыкай рашэньня аб прызначэньні Шродэра старшынём рады дырэктараў расейскай кампаніі. Яна, у прыватнасьці, нагадала, што «Роснефть» уваходзіць у санкцыйны сьпіс Эўразьвязу.
Сам Шродэр трапіў у сьпіс украінскага сайту «Миротворець» пасьля інтэрвію выданьню Aachener Nachrichten у лістападзе 2018 году, у якім ён заявіў, што далучэньне Крыму да Расеі — гэта рэальная сытуацыя, якую рана ці позна давядзецца прызнаць.
Акрамя таго, Шродэр пракамэнтаваў свой удзел у газавых праектах Расеі «стратэгічнай цікавасьцю Нямеччыны». Ён таксама займае пасаду старшыні камітэту акцыянэраў Nord Stream 2 AG — кампаніі-апэратара будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток – 2».
- Будаўніцтва «Паўночнага патоку – 2» з Расеі ў Нямеччыну па дне Балтыйскага мора пачалося ў 2018 годзе. Меркавалася, што кладка труб завершыцца ў канцы 2019 году. Аднак у канцы сьнежня праца была прыпыненая пасьля таго, як Кангрэс ЗША прыняў законапраект, які прадугледжвае ўвядзеньне санкцый супраць кампаній — уладальнікаў суднаў, якія ўдзельнічаюць у пракладваньні труб для «Паўночнага патоку – 2».
- Пасьля ўвядзеньня санкцый расейскія прадстаўнікі заяўлялі, што «Паўночны паток – 2» усё роўна будзе дабудаваны да канца 2020-га ці пачатку 2021 году.
- ЗША выступаюць супраць праекту, сьцьвярджаючы, што ён робіць Эўропу празьмерна залежнай ад расейскага газу і таму ўразьлівай. Такую ж пазыцыю падзяляюць Украіна і шэраг краін ЭЗ. Нямеччына, Аўстрыя і шэраг іншых краін, кампаніі якіх удзельнічаюць у будаўніцтве, настойваюць, што гаворка ідзе выключна пра бізнэс-праект.