Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат ЗША намерыўся абкласьці будаўнікоў «Паўночнага патоку-2» новымі санкцыямі


У Сэнаце ЗША падрыхтаваны законапраект пра новыя санкцыі супраць кампаній, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве газаправоду «Паўночны паток-2».

Дакумэнт падрыхтавалі сэнатары ад абедзьвюх партый — рэспубліканец Тэд Круз і дэмакратка Джын Шагін. Яны былі і суаўтарамі папраўкі да закону аб вайсковых выдатках ЗША, прынятаму ў сьнежні летась, згодна з якой пад санкцыі павінны патрапіць кампаніі, якія займаюцца кладкай труб для газаправоду па дне Балтыйскага мора. З прычыны пагрозы санкцый праца над «Паўночным патокам-2» была спыненая.

Новы законапраект прадугледжвае ўвядзеньне санкцый ня толькі супраць кампаній, якія непасрэдна займаюцца кладкай труб, але і супраць тых, хто аказвае ім юрыдычную дапамогу ці страхавыя паслугі. Reuters прыводзіць словы Круза аб тым, што законапраект прадугледжвае, што кампаніі «зьвязаныя з судамі, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве газаправоду, неадкладна сутыкнуцца з разбуральнымі санкцыямі».

Паводле ацэнак Bloomberg, засталося дабудаваць каля 6 працэнтаў трубаправоду — гэта крыху больш за 100 кілямэтраў.

ЗША выступаюць супраць праекту, сьцьвярджаючы, што ён робіць Эўропу празьмерна залежнай ад расейскага газу і, такім чынам, уразьлівай. Такую самую пазыцыю падзяляюць Украіна і шэраг краін Эўразьвязу. Нямеччына, Аўстрыя і шэраг іншых краін, кампаніі якіх удзельнічаюць у будаўніцтве, настойваюць, што гаворка ідзе выключна пра бізнэс-праект.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG