Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні людзей у Гомлі выйшлі на пікеты. Што яны казалі


Гомель, 7 чэрвеня
Гомель, 7 чэрвеня

Нягледзячы на сьпёку, сотні людзей сталі ў чэргі, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў у Гомлі. Подпісы зьбіралі прадстаўнікі васьмі ініцыятыўных груп. Найбольшыя чэргі былі ў падтрымку Святланы Ціханоўскай.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Што адбываецца ў Беларусі 7 чэрвеня

Подпісы зьбіралі прадстаўнікі патэнцыйных кандыдатаў — Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы, Уладзімера Няпомняшчых, Сяргея Чэрачня, Андрэя Дзьмітрыева, Вольгі Кавальковай і Ганны Канапацкай. Дзьве апошнія таксама былі на пікеце ў Гомлі.

Уладзімер Няпомняшчых
Уладзімер Няпомняшчых

З аднаго боку пляцоўкі каля ўнівэрмагу «Гомель» выступалі вулічныя музыкі — гралі Цоя. З другога — прадстаўнікі пратэстанцкай супольнасьці. Казалі кароткія пропаведзі, уключалі музыку, у тым ліку і «гімн Краіны для жыцьця» песьню «Давай разрушим эту тюрьму».

Міліцыі не было бачна. Прадстаўнікі Ціханоўскіх распавялі, што міліцыя затрымала аднаго з валянтэраў, які вёз на пляцоўку сталы і крэслы.

«Моладзь нават ня ведае — што такое свабода!»

Вячаслаў — ваенны пэнсіянэр. Ён цешыцца, што застаў свабодныя часы, 90-я — «калі можна было спакойна вырашаць свае праблемы».

«Цяперашняя моладзь, якая вырасла пры Лукашэнку — яны нават ня ведаюць, што такое свабода, і нічога ня могуць зрабіць, каб яе атрымаць. У 90-х нават з бандытамі было прасьцей жыць, чым з сучаснай уладай. Дамовіцца можна было! Яны не рэзалі дойную карову, разумееце? А цяпер дзяржава забірае прыбытковыя прадпрыемствы, калі чалавек нешта прыдумаў — забяруць у яго. Што рабіць... 9 жніўня спачатку зьбяромся, а потым паглядзім — хто пабяжыць», — кажа Вячаслаў.

Вячаслаў — справа. Пётар — зьлева
Вячаслаў — справа. Пётар — зьлева

Яго прыяцель Пётр Мікалаевіч дадаў: «Лукашэнка вырашыў, што гэта яго краіна. Ён забыўся, што гэта наша краіна. Не яго!».

«Самае прыкрае — што нас усіх трымаюць за ідыётаў»

Прадпрымальнік Яраслаў прыйшоў паставіць подпіс за розных кандыдатаў, у тым ліку і Сьвятлану Ціханоўскую.

«Уся краіна бачыла, што адбылося ў Горадні — правакацыя. Вельмі сумна, што ўлада лічыць нас, усіх людзей, за ідыётаў — гэта вельмі прыкра. Радыё Свабода паказвала пікет за Лукашэнку, які нібыта набраў ужо мільён подпісаў. Людзі стаяць у чарзе, журналіст вітаецца зь імі, другі раз — а яны яго проста ігнаруюць! На яго накідваюцца, крычаць: „Хто вам плаціць грошы?“ Калі ласка, абараніце свайго прэзыдэнта, які вам даў чыстае неба над галавой! Ідуць у тую чаргу за Лукашэнку, галовы нагнулі — як на бойню. Уключайце ўжо мазгі, ну нельга так жыць!», — кажа Яраслаў.

Яго калега Максім дадае, што калі чалавек заяўляе «Я вам краіну не аддам», які сэнс удзельнічаць у выбарах увогуле.

«Сёлета будзе нешта падобнае на 2010 год. Адзінае, што хацелася б, каб людзей было значна больш, і тады ўлада можа зьменіць сваю пазыцыю. Я думаю, што законных спосабаў нешта зьмяніць у нас ужо не засталося», — лічыць Максім.

«Сінімі пальцамі ўчапіўся за ўладу»

Пэнсіянэрка Галіна стала ў чаргу, бо ёй падабаецца, што «людзі нарэшце адкрылі вочы і зразумелі, нарэшце — так жыць нельга, проста немагчыма».

«У мяне дзеці, унукі — я хачу, каб яны бачылі лепшае жыцьцё, а не такое, як мы. Гэтай кантрактнай сыстэмай усіх трымаюць на кароткім ланцугу, чалавек ня можа нічога сказаць. Мой унук чорт ведае дзе працуе, бо дома тут няма працы. Можа, лішняе скажу, можа, мне заўтра рукі скруцяць: у нашага прэзыдэнта гэта дыягназ, ён сінімі пальцамі трымаецца за ўладу і думае, што ўсе нічога не разумеюць!» — выказалася Галіна.

Аляксей і Ірына прыехалі на ўнівэрмаг паставіць подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў пасьля заяў, што «нехта там зьбіраецца страляць у людзей».

«Мы проста не маглі сядзець дома пасьля такіх заяў! Будзем змагацца законным пакуль чынам. Усе бачылі, што здарылася з Ціханоўскім у Горадні, але многія маўчаць, бо проста прывыклі да хлусьні... Хоць усе ўсё бачылі, разумеюць», — кажа Аляксей.

Ірыну абураюць адносіны да людзей з боку ўлады. «Яны паводзяць сябе нібыта цары, а мы іх быдла — ні правоў, ні голасу. Яны забыліся, што жывуць на нашы падаткі, мы іх нанялі на працу — вось гэта трэба ім нагадаць», — лічыць Ірына.

«Дзякуй табе за ўсё, але сыходзь па-чалавечы!»

Уладзімер кажа пра сябе, што яго многія ведаюць у горадзе, ён былы баец, спартовец, цяпер прадпрымальнік. Ён раптам становіцца на калені і кажа: «Адзінае: дзякуй табе за ўсё — і сыходзь!».

Ён разважае, што «нашы маці, бабулькі» могуць стаць перад ім (Лукашэнкам. — РС) на калені, і папрасіць, каб сышоў.

«Бо ён лічыць сябе напалову богам, то ну так паставімся як нібыта да напалову бога — толькі хай сыдзе, сам, па-чалавечы», — зазначыў жыхар Гомля.

Ён патлумачыў, што ў яго усё ў парадку, але стаіць тут не за сябе, а за людзей.

«З нас увесь сьвет сьмяецца, разумееце? Я ежджу па ўсім сьвеце. Палова маёй сям’і зьехала за мяжу, і мяне клічуць. А я тут жыць хачу! Ціханоўскі — надта сьмелы чалавек. Я гляджу на яго, які на кон усё паклаў, і адчуў сябе баязьліўцам. Прыйшоў сюды толькі дзеля таго, каб паказаць, што я — не баязьлівец, і гатовы ўсё страціць. Мы аддадзім яму пяць рэзыдэнцый, дадзім вялікую пэнсію — хай жыве! У нас працавітыя і адукаваныя людзі, і нам патрэбная лепшая будучыня, і каб сьвет не сьмяяўся з нас, каб нам не было сорамна! Ён цяпер мае выдатны шанец сысьці як герой. Ён проста баіцца за сваю будучыню — дык давайце дадзім яму гарантыі», — кажа Ўладзімер.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG