Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прэтэндэнты на найвышэйшую пасаду зьбіралі подпісы на Камароўцы. ФОТА, ВІДЭА 


Свабода вяля жывую трансьляцыю з Камароўскага рынку ў Менску, дзе праходзілі пікеты ў зборы подпісаў за прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду.

Што адбываецца на Камароўцы. Асноўнае:

  • Перад пачаткам пікету былі затрыманыя сябры ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Алег Баброўскі і яшчэ адзін мужчына, імя якога пакуль невядомае.
  • На Камароўцы на пікетах прэтэндэнтаў у прэзыдэнты прысутнічае па падліках карэспандэнту Свабоды да 1500 чалавек.
  • Прысутныя палітыкі Павал Севярынец, Мікалай Казлоў, Юры Губарэвіч.
  • Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова паведаміла, што быў затрыманы сябра яе ініцыятыўнай групы Валянцін Фралоў.
  • На пікеце па зборы подпісаў за вылучэньне Андрэя Дзьмітрыева паведамілі, што за яго сабралі ўжо больш за 50 тысяч подпісаў. Раней Віктар Бабарыка заявіў, што ўжо сабраў 100 тысяч подпісаў за сваё вылучэньне.
  • Прыйшоў да Камароўскі і 83-гадовы мянчук Ян Грыб. Многія памятаюць, як падчас Дня Волі ў 2017 годзе, калі адбыўся жорсткі разгон, яго затрымлівала цэлая брыгада спэцназаўцаў.Тады ж Ян Грыб здолеў зьбегчы з аўтазака. Ён сказаў, што пэрсанальна прынёс свае галасы Мікалаю Казлову, а таксама Віктару Бабарыку, Валерыю Цапкалу і ўсім тым, хто змагаецца з дыктатурай.
  • Міліцыянты паспрабавалі спыніць імправізаваны мітынг, які арганізаваў вакол сябе Павал Севярынец. Але іх мякка адціснулі і тыя сышлі.
  • Дэмакратычная актывістка Вольга Мікалайчык, чыю ініцыятыўную групу не зарэгістраваў Цэнтарвыбаркам, заклікала зьбіраць па 1 капейцы «дыктатару» на квіток да Гаагі. Людзі актыўна адрэагавалі і торба з дробязьзю імкліва напаўняецца
  • Некаторыя людзі хочуць выказацца адносна цяперашняга ладу, але просяць не здымаць іх твары – могуць узьнікнуць праблемы на дзяржаўнай працы. Так, адзін мужчына расказаў, што двойчы галасаваў за Лукашэнку, а цяпер кляне сябе, што стаў «саўдзельнікам злачынства».
    • Пасьля 16 гадзіны ў раёне Камароўскага рынку пачаліся затрыманьні.
    • Каля свайго дому быў затрыманы сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец.

Збор подпісаў будзе працягвацца да 19 чэрвеня. Цяпер патэнцыйных кандыдатаў 14, у іх ліку Аляксандар Лукашэнка. Некаторыя з прэтэндэнтаў заяўлялі, што выкарыстоўваюць гэты этап толькі для агітацыі, але ня маюць мэты трапіць у бюлетэні.

Тыдзень таму на подступах да Камароўкі людзі выстрайваліся ў кілямэтровыя чэргі, каб аддаць голас за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG