Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, былы старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка чарговым разам рэзка адказаў на заявы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Мы апошнім часам чуем ад людзей, якія, па ідэі, нанятыя беларускім народам на пасады кіраваць краінай, выказваюцца аб гэтай краіне неверагодна прыніжальна. Мы зрабілі гэтую краіну, кажуць яны, мы, калі трэба, нікому яе не аддадзім, мы, калі трэба, будзем зьнішчаць уласны народ. Гэта страшна, на самой справе страшна » — заявіў Бабарыка 6 чэрвеня ў Берасьці на сустрэчы з журналістамі і чальцамі сваёй ініцыятыўнай групы. Трансьляцыя была зладжаная на youtube-канале прэтэндэнта.
«Я б ніколі ў жыцьці нават не паверыў, што гэта нехта скажа», — прызнаўся Бабарыка, назваўшы падобныя загады «верхам непрыстойнасьці». Ён выказаў упэўненасьць, што «у сэрцы кожнага афіцэра беларускага войска» ёсьць разуменьне злачыннага загаду і таго, што «нельга страляць у бяззбройных людзей, нельга расстрэльваць уласны народ».
«І вось калі людзі кажуць: мы аддадзім загад — і нехта будзе страляць, ну калі ўжо ты такі сьмелы, вазьмі і сам паспрабуй гэта зрабіць. І не рабі зь людзей злачынцаў», — прапанаваў Бабарыка.
«Я абсалютна ўпэўнены, — працягнуў ён, — што ні адзін разважлівы чалавек, ні ў войску, ні ў нейкіх сілавых структурах не возьме на сябе кроў свайго народу».
Бабарыка скрытыкаваў палітыку ўладаў адносна пандэміі СOVID-19: «Вельмі шкада, што беларуская ўлада вельмі дзіўна павяла сябе ў рамках гэтай вялікай праблемы, зрабіўшы выгляд, што яе не існуе, і даўшы магчымасьць у нашых галовах пасяліцца страхам нашмат большым, чым яны ёсьць на самай справе. Я абсалютна ўпэўнены: калі казаць праўду, то праўда яшчэ ніколі нікога так не палохала, як фантазіі».
4 чэрвеня на нарадзе аб новым складзе ўраду Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Запомніце вы і ўсе, хто мяне пачуе: краіну яны не атрымаюць! Мы яе два з лішнім дзясяткі гадоў, зьбіраючы драбкі, стваралі не дзеля таго, каб яны яе прыватызавалі».
Лукашэнка таксама прыгадаў шэраг трагічных кровапралітных канфліктаў у постсавецкіх краінах, у прыватнасьці, расстрэл ува ўзбэцкім Андыжане: «Забылі, як былы прэзыдэнт Карымаў ў Андыжане здушыў путч, расстраляўшы тысячы чалавек. Усе асуджалі яго, а калі памёр — на каленях стаялі, галасілі-плакалі. Мы гэтага не перажылі, таму мы гэтага разумець не хочам — некаторыя. Ну, дык мы нагадаем » — заявіў Лукашэнка.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.