Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Горадні на Савецкай плошчы 5 чэрвеня. Ён адказаў на пытаньні гарадзенцаў пра АЭС, беларускую мову і войска.
На сустрэчу з патэнцыйным кандыдатам у прэзыдэнты прыйшло больш за сотню чалавек.На пытаньне, як ён ставіцца да беларускай мовы, Цапкала ў адказе ўжыў толькі адзін выраз па-беларуску — «матчына мова», астатняе было па-расейску. Ён адзначыў, што ў школе па беларускай мове меў «5» па 5-бальнай сыстэме, а па расейскай мове — «4».
«Я, канечне, абяцаю, што буду падцягваць. Я крышку саромеюся пакуль размаўляць, але мне трэба гэты недахоп... Я ўрачыста абяцаю, што я яго вельмі-вельмі хутка ліквідую. Проста не было неабходнасьці ў працы. Я цяпер разумею, што неабходна будзе ў будучыні паказваць прыклад выкарыстоўваньня нацыянальнай мовы», — паабяцаў вылучэнец у кандыдаты ў прэзыдэнты.
На пытаньне, чаму ён не адказаў, калі яго абразіў Аляксандар Лукашэнка, Цапкала сказаў, што ня хоча карыстацца такімі мэтадамі дыскусіі.
«Я хачу паказваць узор нармальных паводзін, нармальнай дыскусіі. Я не хачу скочвацца да такога ж узроўню і адказваць такім жа чынам», — падкрэсьліў ён.
Цапкала лічыць, што войска павінна быць прафэсійным.
«Павінен быць конкурс у войска. Сёньня, я ўпэўнены, чалавек, які кіруе дронам, больш эфэктыўны за 10 тысяч чалавек з аўтаматам Калашнікава», — сказаў Цапкала.
На ягоную думку, мужчынам варта прысьвяціць некалькі дзён, каб навучыцца зьбіраць і разьбіраць аўтамат, страляць па мішэнях на палігоне — і гэтага дастаткова ў пляне вайсковай падрыхтоўкі.
На думку Цапкалы, Беларусь ня здолее супрацьстаяць NATO або Расеі, нават калі б аддавала ўсе сродкі на ўзбраеньне.
БелАЭС Цапкала назваў сур’ёзнай праблемай.
«Я мяркую, гэта было калясальнай памылкай — пазычаць грошы ў Расеі, дзе ў нас няма ні тэхналёгій, ні сыравіны», — сказаў выступоўца.
Ён гатовы яе закрыць, калі выдаткі возьме на сябе Эўразьвяз.
«Калі гэта сур’ёзная заклапочанасьць з боку Літвы, краін Эўразьвязу... Хлопцы, дайце нам 10 мільярдаў, мы закрыем атамную электрастанцыю, мы расплацімся з Расеяй і закрыем гэтую атамную электрастанцыю», — заявіў Цапкала і выклікаў воплескі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.