Краіны Шэнгенскай зоны, у якую ўваходзіць большасьць дзяржаваў Эўропы, падоўжаць забарону на ўезд для грамадзян трэціх краін, якая мае завяршыцца 15 чэрвеня. Гэта стала зразумела ў выніку нарады міністраў унутраных справаў краін-чальцоў ЭЗ.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Забарона, якая тычыцца і грамадзян Беларусі, была ўведзеная ў сакавіку з прычыны эпідэміі каранавіруснай інфэкцыі — уяжджаць у дзяржавы Шэнгенскай зоны могуць цяпер толькі іншаземцы, якія маюць від на жыхарства або пастаянны від на жыхарства.
Эўракамісія выступала за тое, каб да 15 чэрвеня ў сувязі са зьмякчэньнем карантынных захадаў адкрыць межы. Аднак большасьць краін-чальцоў ЭЗ заявілі, што яшчэ не гатовыя да гэтага.
Хутчэй за ўсё, на 15 чэрвеня не атрымаецца цалкам адкрыць межы паміж краінамі нават самой Шэнгенскай зоны. Шмат якія дзяржавы ў разгар эпідэміі цалкам закрылі межы, іншыя ўвялі істотныя абмежаваньні.
У заяве чальца Эўракамісіі Ільвы Югансан гаворыцца, што большасьць краін ЭЗ — за адкрыцьцё ўнутраных межаў да канца чэрвеня, аднак і гэтая дата пад пытаньнем.
Вонкавыя ж межы Шэнгенскай зоны могуць адкрыцца не раней за пачатак ліпеня.
- Сёньня ж урад Эгіпту абмеркаваў на спэцыяльным пасяджэньні пэрспэктывы вяртаньня ў краіну мільёнаў замежных турыстаў. Мясцовым міністэрствам турызму і авіяцыі прэзыдэнт Абдэль Фатах ас-Сісі даручыў стварыць новую схему прыёму турыстаў-іншаземцаў, аднак ніякія будучыя тэрміны не называліся нават гіпатэтычна. Адначасова Эгіпэцкая фэдэрацыя турыстычных асацыяцый заявіла, што з улікам бягучай сытуацыі з узроўнем распаўсюджваньня новага каранавірусу ў краіне межы Эгіпту для турыстаў могуць адкрыцца ў верасьні-кастрычніку 2020 году.