Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі ў траўні зьнізіліся на 3,7 млн даляраў і на 1 чэрвеня 2020 году склалі 7 879,3 млн даляраў ЗША, паведамляе Нацбанк.
Такім чынам, у траўні рэзэрвы скараціліся на 0,05% пасьля росту ў красавіку на 96,4 млн даляраў ЗША, або на 1,2%.
На зьніжэньне золатавалютных рэзэрваў у траўні паўплывала плянавае пагашэньне ўрадам і Нацбанкам вонкавых і ўнутраных абавязаньняў у замежнай валюце прыкладна на 220 млн даляраў ЗША, гаворыцца ў паведамленьні.
Пры гэтым падтрыманьню ўзроўню золатавалютных рэзэрваў у траўні спрыялі купля замежнай валюты Нацыянальным банкам на ўнутраным рынку, паступленьне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад продажу Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, а таксама рост цаны на манэтарнае золата.
Нацбанк нагадвае, што згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год, міжнародныя рэзэрвовыя актывы на 1 студзеня 2021 года павінны скласьці ня менш як 7,3 млрд даляраў ЗША.
«Нашы ацэнкі па памеры золатавалютных рэзэрваў на канец года мы не мяняем. Яны вызначаны ў асноўных кірунках грашова-крэдытнай палітыкі», — адзначыў кіраўнік Нацбанку Павел Калавур 13 мая ў ходзе відэабрыфінгу, перадае БелаПАН.
У лютым ён заявіў, што рэзэрвы да канца году, хутчэй за ўсё, будуць бліжэй да 9,2 млрд даляраў (паказчык на 1 лютага), чым да прагнознага арыентыра (7,3 млрд даляраў).
У сваю чаргу міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings чакае, што ўзровень рэзэрваў да канца года апусьціцца ніжэй за тую адзнаку, якую чакаюць улады.
Згодна з прагнозам Fitch, беларускія рэзэрвы да канца года складуць 7,1 млрд даляраў. На думку аналітыкаў агенцтва, зьніжэньне рэзэрваў будзе абумоўлена пагашэньнем Беларусьсю дзяржаўнага доўгу і больш нізкім аб'ёмам куплі валюты на ўнутраным рынку Нацыянальным банкам у параўнаньні з папярэднімі гадамі.
Як паведамлялася, на 1 студзеня золатавалютныя рэзэрвы Беларусі складалі 9 393,5 млн даляраў. Такім чынам, за студзень–травень рэзэрвы скараціліся на 1 514,5 млн даляраў. Найбольшае зьніжэньне адбылося ў сакавіку. Тады на фоне росту валютных курсаў насельніцтва рэзка павялічыла попыт на замежную валюту, і рэзэрвы скараціліся на 1 018,9 млн даляраў.