Галоўнага рэдактара онлайн-выданьня «Ежедневник» Сяргея Сацука выпусьцілі з-пад варты ўдзень 4 красавіка. Ён застаўся падазраваным у справе.
Сацук правёў пад вартай 10 дзён, большасьць часу знаходзіўся ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Абвінавачваньне яму ня выставілі. Генэральны пракурор Аляксандар Канюк адмяніў яму меру стрыманьня. Справу працягваюць расьсьледаваць. Сацук сваю віну цалкам не прызнаваў.
«Са слоў сьледчага я зразумеў, [што мяне вызвалілі], каб сьледзтва магло спакойна працаваць, каб на іх ніхто ня ціснуў. Я зразумеў такі матыў», — камэнтуе Сацук.
Сяргей падпісаў абавязацельства аб яўцы.
«Мяне не знаёмілі з матэрыяламі справы. Я ведаю роўна столькі ж, колькі і вы. Тое, што беларускае тэлебачаньне паказала, тое я і ведаю. Плюс супрацоўнікі УДФР казалі, што расьсьледаваньне я прыдумаў толькі для таго, каб прыкрыць хабар», — кажа Сяргей Сацук.
Сацук адзначыў, што пасьля затрыманьня адчувае сябе нармальна. Увесь час ён знаходзіўся адзін у камэры, у ізаляцыі, бо спачатку ў яго выявілі крыху падвышаную тэмпэратуру. Праз пару гадзін тэмпэратура ўпала.
«Сядзеў, дзесяць дзён разважаў аб сэнсе жыцьця... Забыць пра гэта ўсё, як дрэнны сон і ўсё, іншага выйсьця няма», — кажа Сяргей Сацук.
На наступным тыдні галоўны рэдактар «Ежедневника» плянуе вярнуцца на працу.
«З панядзелка трэба прымацца за працу, мяняць канцэпцыю сайта. Ня трэба ўжо „Сяргей Сацук, Сяргей Сацук“, яго надта шмат, канешне», — сьмяецца Сацук.
- Сяргея Сацука затрымалі прадстаўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў (ДФР) Камітэту дзяржкантролю 25 сакавіка пад Менскам, калі ён з жонкай прыехаў у будаўнічую краму. Пазьней стала вядома, што ў дачыненьні Сацука распачатая справа паводле ч. 2 арт. 430 КК (атрыманьне хабару паўторна, альбо шляхам вымаганьня, альбо групай асобаў з папярэдняй змовы, альбо ў буйным памеры; санкцыя — ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі).
- 26 сакавіка супрацоўнікі ДФР правялі ператрус у рэдакцыі «Ежедневника» і канфіскавалі дакумэнтацыю, супрацоўнікаў выданьня дапыталі ў якасьці сьведак у справе.
- У другой палове дня 27 сакавіка супрацоўнікі ДФР правялі ператрусы ў прыватным доме галоўнага рэдактара «Ежедневника» і канфіскавалі дакумэнты і тэхніку. Ператрус правялі таксама ў суседзяў Сацука, куды напярэдадні ягоная дачка Ганна аднесла свой працоўны ноўтбук і пляншэт.
- Родныя і калегі Сацука зьвязваюць ягонае затрыманьне з прафэсійнай дзейнасьцю. «Эўрарадыё» апублікавала ліст «Як у Беларусі заказваюць журналістаў», якое Сяргей Сацук прасіў апублікаваць у выпадку свайго затрыманьня.