Польскі антыманапольны рэгулятар UOKІK пачаў справу на «Газпром» за адсутнасьць супрацоўніцтва ў антыманапольным расьсьледаваньні. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс».
Паводле заявы UOKІK, «Газпрому» пагражае штраф у памеры да 50 млн эўра за непадаваньне інфармацыі. «Газпром» паведаміў яшчэ ў лютым, што атрымаў запыт ад польскага рэгулятара. Паводле «Газпрому» ён накіраваў свой адказ UOKІK.
Антыманапольны орган Польшчы у 2018 годзе ініцыяваў расьсьледаваньне меркаванай манапалізацыі рынку «Газпромам» і яго эўрапейскімі партнэрамі-крэдыторамі ў выніку рэалізацыі праекту «Паўночны паток – 2». «Газпром» у тым жа годзе накіраваў UOKІK пярэчаньні на яго пазыцыю і хадайнічаў аб спыненьні антыманапольнага сьледзтва.
Польскі рэгулятар прытрымліваецца пазыцыі, што пагадненьні наконт праекту патрабуюць згоды UOKIK. У пачатку 2020 году UOKІK зьвярнуўся да «Газпрому» з патрабаваньнем падаць дакумэнты аб кантракце.
«Тычылася гэта, перш за ўсё, кантрактаў на транспартаваньне, разьмеркаваньне, продаж, пастаўку і захоўваньне газавага паліва. Нягледзячы на абавязак супрацоўнічаць з UOKІK, кампанія не падала такой інфармацыі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства.
«„Газпром“ ня можа дзейнічаць па-за законам, таму я распачаў супраць яго справу аб накладаньні штрафу за непадаваньне інфармацыі падчас расьсьледаваньня»,— заявіў старшыня польскага антыманапольнага рэгулятара Томаш Хрустны.