Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо, выступаючы ў Атаве на прэс-канфэрэнцыі, адказаў на пытаньне пра яго стаўленьне да ідэі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа запрасіць Расею ўдзельнічаць у чарговай сустрэчы «Групы сямі».
«Расея была выключана з G8 пасьля ўварваньня ў Крым, і яна працягвае грэбліва ставіцца да міжнародных правілаў і нормаў, таму застаецца па-за групай G7 і будзе заставацца па-за гэтай групай», — заявіў канадзкі прэм’ер.
Супраць прапановы Трампа таксама выступіла Вялікая Брытанія, дапусьціўшы магчымасьць запрашэньня Расеі ў якасьці госьця.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра перанос саміту G7 з чэрвеня на верасень пасьля таго, як канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель адмовілася ад асабістага ўдзелу ў ім у сувязі з пандэміяй каранавіруснай інфэкцыі.
Прэзыдэнт ЗША, аднак, патлумачыў сваё рашэньне аб пераносе саміту не каранавірусам, а тым, што G7 у цяперашнім фармаце, паводле Трампа, уяўляе сабой «вельмі састарэлую групу краін», якая «не адлюстроўвае таго, што адбываецца ў сьвеце».
На думку Трампа, удзел у саміце, акрамя іх, павінны браць Аўстралія, Расея, Паўднёвая Карэя і Індыя.
У панядзелак Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін правялі тэлефонную размову, падчас якой, як паведаміла прэс-служба Белага дома, двое лідэраў абмеркавалі барацьбу з пандэміяй каранавірусу і намаганьні для аднаўленьня эканамічнай дзейнасьці ў сьвеце.
Прэзыдэнт Трамп адзначыў, што ЗША прыкладаюць усе намаганьні, каб паклапаціцца пра сваіх грамадзян і дапамагчы краінам, якія жывуць у нястачы. У ліку іншага, Вашынгтон перадаў Расеі 200 апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
Амэрыканскі лідэр таксама падкрэсьліў патрэбу ў эфэктыўным кантролі над узбраеньнямі. Прэзыдэнт ЗША расказаў расейскаму калегу пра ідэю запрасіць Расею і шэраг іншых краін на саміт «Групы сямі».