Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК акрэдытавала 557 назіральнікаў на выбары, дамінуюць праўладныя вылучэнцы 


Назіральнікі ад АБСЭ на парлямэнцкіх выбарах, 2019 год
Назіральнікі ад АБСЭ на парлямэнцкіх выбарах, 2019 год

На прэзыдэнцкія выбары акрэдытавалі 557 нацыянальных назіральнікаў, паведамляецца на сайце Цэнтарвыбаркаму. За апошні тыдзень іх колькасьць узрасла больш як на 200 чалавек, у абсалютнай масе за кошт праўладных арганізацый.

Ад грамадзян, якія падавалі заявы на акрэдытацыю ў якасьці назіральнікаў, зарэгістравалі 28 чалавек, ад працоўных калектываў — 2, ад палітычных партый — 35, ад грамадзкіх аб’яднаньняў — 492.

З палітычных партый найбольшая колькасьць назіральнікаў зарэгістраваная ад Камуністычнай партыі Беларусі — 29. Ад Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды — 3, ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці — 2, ад Партыі БНФ — 1.

Сярод грамадзкіх аб’яднаньняў найбольшая колькасьць назіральнікаў акрэдытавалі ад БРСМ — 131. Ад Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі — 113, «Белай Русі» — 85, Беларускага саюзу жанчын — 51.

Ад Беларускага Хэльсынскага камітэту акрэдытавана 39 назіральнікаў, ад Беларускага аб’яднаньня вэтэранаў — 41, ад Беларускага фонду міру — 16, ад БНФ «Адраджэньне» — 1.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG