Кампанія назіраньня «Права выбару 2020» абнародавала прамежкавую справаздачу пра пачатак сёлетняй прэзыдэнцкай гонкі.
У ёй зьвяртаецца ўвага на асноўныя складанасьці на першых этапах — ад перасьледу патэнцыйных прэтэндэнтаў у кандыдаты, рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісій ды ўмоваў правядзеньня кампаніі падчас пандэміі каранавірусу.
«Дастаткова эфэктыўна ЦВК паклапацілася пра бясьпеку толькі чыноўнікаў, дазволіўшы ім мінімізаваць кантакты з грамадзянамі, паказаўшы на магчымасьць правядзеньня сумесных пасяджэньняў саветаў дэпутатаў і выканкамаў без назіральнікаў, што парушае Выбарчы кодэкс. Для ўсіх астатніх удзельнікаў выбарчага працэсу нічога не гаворыцца», — адзначаецца ў дакумэнце.
Акрамя таго, старт выбарчай кампаніі суправаджаўся рэпрэсіямі і наступам на свабоду слова, канстатуецца ў справаздачы.
«Выбарчай кампаніі папярэднічалі рэпрэсіі ў дачыненні да YouTube-блогераў і іх падпісчыкаў, журналістаў, праваабаронцаў. Былі затрыманыя берасьцейскія блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў, слуцкі блогер Уладзімер Няронскі, аўтар каналу MozgON Уладзімер Цыгановіч, а на гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага міліцыя „палявала“ два дні яшчэ за леташнія акцыі. Ягонае затрыманьне ў Магілёве 6 траўня выклікала хвалю пратэстаў па ўсёй Беларусі».
Больш падрабязна з высновамі, прысьвечанымі пачатку выбарнай кампаніі, можна пазнаёміцца ТУТ.
Хто фармуе кампанію «Права выбару 2020»
У кампаніі бяруць удзел АГП, БХД, БНФ, БСДП (Грамада), партыя «Зялёныя», рух «За свабоду», незалежны прафсаюз РЭП і арганізацыйны камітэт Партыі свабоды і прагрэсу. Каардынатарамі кампаніі на 2020 год сталі Леў Марголін (Аб’яднаная грамадзянская партыя) і Віталь Рымашэўскі (Беларуская хрысьціянская дэмакратыя).
Дэвіз кампаніі: «Барацьба за сумленныя, адкрытыя і бясьпечныя выбары».