На фоне пікетаў у зборы подпісаў за прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду, якія ў выходныя суправаджаліся масавымі затрыманьнямі чальцоў ініцыятыўных групаў, актывізаваліся вядомыя спартоўцы.
Зьвіліся адразу некалькі рэакцый спартоўцаў з асуджэньнем канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.
Дзевятоўскі: «Некаму трэба расхістаць становішча ў нашай краіне»
Кідальнік молата, прызэр Алімпійскіх гульняў, чэмпіён сьвету і Эўропы, старшыня Фэдэрацыі лёгкай атлеткі Беларусі Вадзім Дзевятоўскі зьвярнуўся «да ўсіх, каму неабыякавая будучыня краіны».
«Беларусь была і застаецца спакойнай, міралюбнай і гасьціннай. Людзі, якія прыяжджаюць зь іншых краін, захапляюцца чысьцінёй і парадкам, высокім узроўнем бясьпекі, спакоем і прыгажосьцю нашай зямлі. Але ад пэўных асобаў можна чуць агрэсіўную рыторыку ў дачыненьні да прэзыдэнта. Я нарадзіўся ў СССР і памятаю ўсё, што было на кожным этапе нашага станаўленьня. Нельга забываць, які шлях мы прайшлі, і гэты шлях даў нам магчымасьць неімаверна зьмяніцца і захаваць сваю незалежнасць пры велізарным вонкавым ціску», — напісаў Дзевятоўскі.
Пазьней ён апублікаваў у Instagram скрыншот з колькасцю лайкаў, якое сабрала ягонае паведамленьне з крытыкай «некаторых людзей і сілаў, якім з розных прычынаў трэба расхістаць становішча ў краіне і парушыць яе разьвіцьцё».
«Колькасьць салідарных са мною значна большая, чым тых, хто лічыць іначай. На абразы перайсьці прасьцей за ўсё, але я ніколі гэтым не займаўся і ня буду», — напісаў Дзевятоўскі.
Літвінчук: «Нельга без трывогі глядзець цяпер на сацсеткі»
Падтрымкай Аляксандра Лукашэнкі адзначыліся дзьве беларускія вясьляркі-байдарачніцы.
Шматразовая прызэрка Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка сьвету і Эўропы Марына Літвінчук выказала ў сваім Instagram думку пра пікеты, якія прайшлі па ўсёй Беларусі ў падтрымку розных прэтэндэнтаў.
«Нельга без трывогі глядзець цяпер на сацсеткі, асабліва на старонкі некаторых блогераў. Гэта называецца зборам подпісаў? Шоў, спэктакль, разгойдваньне натоўпу — толькі ня збор подпісаў. Людзі, адумайцеся, наша самае галоўнае багацьце — гэта мір. Ёсьць нямала краінаў, якія нам зайздросьцяць. Беражыце сябе!» — напісала спартоўка.
Махнева: «Каб каго і ведала, прагаласавала б за нашага прэзыдэнта»
Да гэтага чэмпіёнка сьвету і Эўропы, алімпійская прызэрка ў веславаньні Маргарыта Махнева ў інтэрвію газэце «Прессбол» расказала пра стаўленьне да беларускай мовы і кіраўніка краіны.
«Успамінаю папярэднія выбары, як адна жанчына казала, што ў нас усё будзе па-беларуску. І я думаю: ну як жа так, калі ўвесь народ гаворыць па-расейску? Вакол мяне ўсё размаўлялі на расейскай. Я вучыла [беларускую], але не разумела», — заявіла спартоўка.
Махнева таксама дадала, што нават калі б кагосьці з кандыдатаў ведала па выступах у тэлевізары, усё роўна прагаласавала б за «нашага прэзыдэнта».
«Кожны думае, што менавіта пры ім будзе лепш. Але ўсе яны глыбока памыляюцца. Якраз з Лукашэнкам у нас тое, што трэба», — падсумавала Маргарыта Махнева.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.