Паводле дадзеных на 29 траўня, за суткі ад новай каранавіруснай інфэкцыі ў Расеі памерлі 232 чалавекі — гэта найбольшая колькасьць сьмяротных зыходаў за дзень у краіне за ўвесь час пандэміі, паведамляе апэратыўны штаб барацьбы з хваробай.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
З ахвяраў апошняга дня 76 памерлі ў Маскве.
Напярэдадні ў краіне былі зарэгістраваныя 174 памерлыя ад COVID-19 — столькі ж было 26 траўня, і гэты паказьнік быў максымальны за ўвесь час. За ўсю эпідэмію ў РФ зафіксавана 4374 сьмяротныя выпадкі.
За апошнія суткі ў краіне зарэгістраваныя 8572 новыя выпадкі каранавірусу. Колькасьць хворых па краіне за ўвесь пэрыяд дасягнула 387 623.
Больш за ўсё новых выпадкаў заражэньня выявілі ў Маскве — 2332. Усяго ў расейскай сталіцы ўжо 175 829 пацьверджаных выпадкаў хваробы.
Яшчэ 773 новых хворых на каранавірусную інфэкцыю за суткі зарэгістравалі ў Маскоўскай вобласьці, 369 — у Санкт-Пецярбургу, 281 — у Ніжагародзкай вобласьці, 230 — у Сьвярдлоўскай вобласьці.
За суткі ў Расеі цалкам выздаравелі 8264 чалавекі. Выпісаныя за ўвесь пэрыяд 159 257. Такім чынам, у краіне ачуняў кожны трэці пацыент.
Усяго ў сьвеце, паводле дадзеных амэрыканскага ўнівэрсытэту Джонза Гопкінза, налічваецца 5 813 919 інфікаваных COVID-19 (рост за суткі склаў 118 764), выздаравелі больш за 2,4 млн чалавек.
Паводле пашырэньня каранавірусу Расея па-ранейшаму на трэцім месцы ў сьвеце. Другое месца за Бразыліяй (438,2 тысячы, прырост за апошнія суткі — 26,4 тысячы), на першым — ЗША (1,72 млн, прырост — 22,5 тысячы).
Колькасьць памерлых ад зьвязаных з каранавірусам захворваньняў у сьвеце дасягнула 360 332, павялічыўшыся за суткі на 4644.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ