Рамзан Кадыраў, кіраўнік Чачэнскай рэспублікі ў складзе Расеі, увечары 27 траўня ўпершыню асабіста пракамэнтаваў інфармацыю пра тое, ці хварэў ён COVID-19. Наўпрост на пытаньне пра магчымасьць захворваньня на каранавірусную інфэкцыю ён так і не адказаў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Кадыраў выступіў у жывым эфіры ў інстаграме дырэктара ЧДТРК «Грозны» Ахмэда Дудаева: ён заявіў, што «абсалютна здаровы», а ў Маскве нібыта быў на дыспансэрызацыі, перадае расейская служба Свабоды.
«Калі нават я захварэў. У сьвеце мільёны людзей заражаныя каранавірусам, дзясяткі тысяч памерлі, я што, не чалавек? Ня маю права захварэць? Ня маю права паставіць кропельніцу і падняць імунітэт? Я абсалютна здаровы чалавек», — заявіў Кадыраў.
Ён таксама заявіў, што сьвята Ўраза-байрам, якое было 23-26 траўня, «правёў дома».
«Натуральна, я нікуды не хадзіў і нікога не прымаў. Калі я заклікаю народ выконваць самаізаляцыю, то павінен сам у першую чаргу гэта рабіць», — сказаў Кадыраў.
Але пры гэтым ён ня стаў адмаўляць, што быў у Маскве, але не ўдакладніў, калі гэта было:
«Я павінен штогод праходзіць дыспансэрызацыю ў ЦКБ у Маскве як кіраўнік суб’екта. Калі нават я захварэў, калі б нават паехаў, тут (у Чачэніі) я б перашкодзіў сотням людзей, адцягваючы ўвагу лекараў, міністра»,— пракамэнтаваў пытаньне Кадыраў.
21 траўня некалькі расейскіх мэдыя паведамілі, што Кадыраў знаходзіцца пад наглядам лекараў у адной з маскоўскіх лякарняў і што ў яго падазраюць каранавірус. Афіцыйна ўлады Чачэніі ніколі не пацьвярджалі, што кіраўнік рэгіёну хворы.
Паводле зьвестак некалькіх тэлеграм-каналаў, Кадыраў лячыўся ў Цэнтральнай клінічнай лякарні, дзе ў яго дыягнаставалі запаленьне лёгкіх. На гэта наводзіла таксама відэа, якое выклаў у сеціва міністар здароўя Чачэніі Эльхан Сулейманаў. Па зьвестках «Новой газеты», на ім быў паказаны калідор аднаго з паверхаў 5-га тэрапэўтычнага корпусу Цэнтральнай клінічнай лякарні Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта РФ.
25 траўня «МБХ Медия» са спасылкай на дадзеныя авіяпарталу ADS-B Exchange паведаміла, што самалёт, які, паводле СМІ, належыць Кадыраву, вылецеў з Масквы і ў 23.31 прызямліўся ў Грозным.
На наступны дзень Кадыраў правёў пасяджэньне апэратыўнага штабу: у залі чыноўнікі сядзелі на значнай (каля трох мэтраў) адлегласьці ад палітыка, усе былі ў масках, пальчатках, некаторыя нават у рэсьпіратарах. Аднак сам кіраўнік рэгіёну сродкі індывідуальнай засьцярогі не насіў. Сюжэт пра гэты нараду апублікавала тэлерадыёкампанія «Грозны», аднак затым відэаролік быў выдалены. Частка відэа захавала «Новая газета».
Журналісты пішуць, што Кадыраў у сюжэце выглядае нездаровым: «бледны, схуднелы, з азызлым таварам, у яго дыхавіца і відавочная фізычная слабасьць». На руцэ ў яго таксама заўважылі катэтэр ад кропельніцы, пры дапамозе якога хворым звычайна ўліваюць лекі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.