Кіраўнік Чачні адмовіўся адкрыць межы для людзей зь іншых рэгіёнаў Расеі на патрабаваньне расейскага прэмʼер-міністра Міхаіла Мішусьціна.
«Вядома ж, мы ня будзем пускаць асоб без прапіскі ў ЧР [Чачэнскай Рэспубліцы]», — напісаў Кадыраў у сваім тэлеграм-канале.
Ён дадаў, што прэмʼер-міністра Расеі ўводзяць у зман і «даюць няправільную інфармацыю».
«Мы ніколі не казалі пра закрыцьцё межаў і не закрывалі іх для праезду транзытнага транспарту, перавозкі харчаваньня, мэдыкамэнтаў, абсталяваньня, не прымалі мераў, якія нэгатыўна адбіліся б на лягістыцы. Мы заяўлялі і паўтараем, што зробім магчымае і немагчымае, каб засьцерагчы адзін з рэгіёнаў Расеі — ЧР — і грамадзян РФ, якія ў ёй пражываюць».
Па словах Кадырава, абмежаваньні ўведзеныя пасьля таго, як у некалькіх жыхароў Чачні, якія хацелі трапіць у рэспубліку з Масквы, выявілі каранавірусную інфэкцыю.
Раней прэмʼер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін заявіў, што рэгіянальным уладам недапушчальна закрываць межы рэгіёнаў Расеі і запатрабаваў не перавышаць сваіх паўнамоцтваў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ