Сьвята-Елісавецінскі жаночы манастыр, дзе ў паловы насельніц быў пацьверджаны каранавірус, выйшаў з карантыну. Дазвол атрыманы ад санэпідэмстанцыі.
На сайце манастыра гаворыцца, што ад 20 траўня можна будзе наведваць царкоўныя набажэнствы, адкрыюцца царкоўныя крамы і майстэрні. Прыведзены расклад службаў на найбліжэйшыя дні.
Паводле адміністрацыі, у манастыры не засталося хворых, а шпіталізаваныя некалькі тыдняў таму сёстры выпісваюцца і вяртаюцца ў свае кельлі. Паводле афіцыйных зьвестак, са 130 паслушніц каранавірус пацьвердзіўся у 60. Блізу 40 зь іх перахварэлі на пнэўманію.
Там таксама запэўніваюць, што ў духоўнага настаўніка Сьвята-Елісавецінскага манастыра, айца Андрэя Лемяшонка, адмоўны вынік тэсту на COVID-19.
Раней у манастыры, які месьціцца на ўскрайку Менску, памерла 83-гадовая манашка Марыя Кавальчук. У яе быў станоўчы тэст на каранавірус.