Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дыскрымінацыйны падыход застаўся»,— назіральнікі пра першы этап фармаваньня выбарчых камісій


Кампанія назіраньня за выбарамі прэзыдэнта Беларусі апублікавала зьвесткі пра фармаваньне тэрытарыяльных выбарчых камісій. Маніторынг сытуацыі ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ажыцьцяўляюць Беларускі Хэльсынскі камітэт і праваабарончы цэнтар «Вясна».

Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі — адзін з асноўных мэханізмаў правядзеньня выбараў у адпаведнасьці зь міжнароднымі прынцыпамі свабодных і дэмакратычных выбараў і нацыянальным выбарчым заканадаўствам. Фармаваньне камісіі адносіцца да кампэтэнцыі мясцовых саветаў і выканаўчых камітэтаў. Празрыстасьць іх дзейнасьці вылікае нараканьні назіральнікаў.

Агульныя высновы

• Адметнасцю сёлетняй кампаніі стала яе правядзеньне ва ўмовах пандэміі каранавірусу, што паўплывала на працэс вылучэньня прадстаўнікоў партый і грамадзкіх аб’яднаньняў і парадак правядзеньня пасяджэнняў органаў, якія фармавалі камісіі.

• Пастанова ЦВК № 13 (з улікам зьменаў) прадугледзела магчымасьць правядзеньня пасяджэньняў для ўтварэньня камісій альбо з онлайн-трансляцыяй у інтэрнэце (без запрашэньня прадстаўнікоў суб’ектаў, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій і СМІ), ці з наступным выкладаньнем відэазапісу паседжаньня, або з запрашэньнем на паседжаньне без онлайн-трансьляцыі і запісу.

• Адрозна ад папярэдніх выбараў, пастанова ЦВК № 13 не прадугледзела магчымасць прысутнасьці на паседжаньнях органаў, якія ўтвараюць выбарчыя камісіі, прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў, назіральнікі ад якіх акрэдытаваныя ў ЦВК.

• Большасць прадстаўнікоў кампаніі мелі магчымасьць назіраць за паседжаньнямі праз онлайн-трансьляцыю (40%), прагляд відэа ў запісе (13,6%) ці асабіста прысутнічаць пры іх правядзеньні (13,6%). Мелі месца цяжкасьці з маніторынгам гэтага этапу альбо з прычыны немагчымасьці непасрэдна прысутнічаць на паседжаньнях, альбо праз кепскую якасьць онлайн-трансьляцый (20%).

• Адсутнасьць замацаванага ў пастанове ЦВК права прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў прысутнічаць на паседжаньнях органаў утварэння выбарчых камісій, а таксама аднастайнага падыходу да іх правядзеньня ў шэрагу выпадкаў прывяло да таго, што прадстаўнікі кампаніі ня здолелі назіраць за такім важным этапам выбараў.

• Як і падчас папярэдніх выбараў, асноўную колькасьць вылучэнцаў склалі прадстаўнікі шасьці праўрадавых арганізацый — «Белая Русь», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Беларускі саюз жанчын, Беларускае аб’яднаньне вэтэранаў і Беларускі фонд міру, якія вылучылі 989 прадстаўнікоў (86,7% ад прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў і 45,6% ад усіх прэтэндэнтаў на месцы ў камісіях). Роля вылучэнцаў ад палітычных партый засталася невысокай — 179 чалавек, ці 8,25% ад усіх.

• З 25 прэтэндэнтаў ад апазыцыйных партый у склад камісій увайшлі два прадстаўнікі — па адным ад Партыі БНФ і БСДП (Грамада) — 8% ад вылучаных. У той жа час уключаны 97,4% прадстаўнікоў праўладных палітычных партый ад агульнай колькасьці вылучаных.

Як адзначаецца ў справаздачы, у параўнаньні з папярэднімі прэзыдэнцкімі выбарамі колькасьць прадстаўнікоў апазыцыйных партый у тэрытарыяльных выбарчых камісіях зьменшылася ў 15 разоў, а паказьнік «праходнасьці» абваліўся ўдвая. Гэта сьведчыць пра захаваньне дыскрымінацыйных падыходаў пры фармаваньні складу камісій, робяць выснову назіральнікі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG