Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Статкевіча і Троцкага склалі пратаколы за ўскладаньне кветак на Вайсковых могілках у Менску


Мікола Статкевіч, архіўнае фота
Мікола Статкевіч, архіўнае фота

Днём 8 траўня лідэр «Народнай грамады» Мікола Статкевіч і дзясятак ягоных паплечнікаў на Вайсковых могілках у Менску ўсклалі кветкі да магілаў салдатаў, загінулых у час Другой сусьветнай вайны. Гэта расцанілі як «несанкцыянаванае мерапрыемства».

На пікеце «кандыдатаў пратэсту» 24 траўня Мікола Статкевіч расказаў, што такое «мерапрыемства» — ускладаньне кветак на Вайсковых могілках — ладзіць 8 траўня штогод ад 1992-га. І толькі сёлета яго за гэта «робяць злачынцам». Зьвярнуўшыся да работнікаў Савецкага РУУС, ён казаў: «Вы робіце нас злачынцамі за тое, што мы паклалі кветкі туды, дзе, можа быць, ляжаць вашыя дзяды».

Як расказаў Свабодзе Статкевіч, ён ведае, што прыслалі пазву ў суд яшчэ прынамсі аднаму ўдзельніку ўскладаньня кветак — Валянціну Троцкаму. На думку Статкевіча, Троцкага вызначылі па пазнавальнай барадзе, а віна яго толькі ў тым, што ён «прыйшоў з кветкамі, пастаяў і хвіліну памаўчаў».

Статкевіч адзначыў, што 8 траўня на Вайсковыя могілкі мала хто пайшоў — на ўскладаньне кветак не рабілі актыўных заклікаў, бо перад прэзыдэнцкімі выбарамі ўлады могуць «шукаць нагоды для арыштаў».

Пры тым пікеты «кандыдатаў пратэсту» Статкевіч лічыць бясьпечным варыянтам «мітынгаў, на якіх можна паказаць, што людзей дастала», і ён зьбіраецца далей заклікаць на іх — у гэтую нядзелю апоўдні выставіць пікеты «кандыдатаў пратэсту» на тым жа месцы ў Менску, а таксама ў абласных цэнтрах.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG