Крайне правая гішпанская партыя Vox зладзіла ў Мадрыдзе дэманстрацыю супраць карантынных захадаў, прынятых у сувязі з пандэміяй каранавірусу.
Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.
Пратэст падтрымалі аўтамабільнымі гудкамі тысячы аўтамабілістаў, якія праяжджалі вуліцамі гішпанскай сталіцы.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Гішпанія ўвяла адзін з самых жорсткіх рэжымаў карантыну і локдаўну ў Эўропе, пачынаючы з 14 сакавіка. Апошнім часам урад пачаў паступова скасоўваць абмежаваньні, але Мадрыд і Барсэлёна застаюцца пад абмежаваньнямі.
Удзельнікі сёньняшняй акцыі заклікалі прэм’ер-міністра Пэдра Санчэса і віцэ-прэмʼера Паблё Іглесіяса падаць у адстаўку. Правыя вінавацяць левы ўрад у нанясеньні шкоды эканоміцы і ў рэзкім росьце беспрацоўя.
Лідэр партыі Vox Сантʼяга Абаскаль, які кіраваў шэсьцем у Мадрыдзе, у прамове заявіў, што ўрад «непасрэдна адказны за найгоршае кіраваньне гэтым крызісам на ўсёй плянэце».
На мінулым тыдні ў Мадрыдзе ўжо адбыліся стыхійныя акцыі пратэсту супраць карантыну. Але сёньняшняя — першая арганізаваная акцыя пратэсту з пачатку пандэміі.
Партыя Vox заклікала гішпанцаў ладзіць пратэсты ў кожнай сталіцы рэгіёнаў. Акцыі пратэсту аўтамабілістаў прайшлі сёньня таксама ў Сэвільлі і Барсэлёне.
Карантынныя меры ў Мадрыдзе і Барсэлёне будуць аслабленыя з панядзелка, паколькі эпідэмія ў краіне запавольваюцца. Усяго ў Гішпаніі зарэгістравана 234 824 выпадкаў захворваньня на COVID-19 і амаль 29 тысячаў выпадкаў сьмерці ад яго — 612 выпадкаў на мільён насельніцтва. У Беларусі, паводле афіцыйных дадзеных, — 20 сьмерцяў на мільён насельніцтва, у 30 разоў меней, чым у Гішпаніі.