Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп працягвае заклікаць штаты хутчэй вярнуцца да нармальнага жыцьця, нягледзячы на засьцярогі з нагоды каранавірусу.
Усе 50 штатаў анансавалі хаця б частковае зьняцьце абмежаваньняў, якія згубна адбіліся на амэрыканскай эканоміцы. Трамп паабяцаў, што ў выпадку другой хвалі каранавірусу краіна закрытая ня будзе.
Выступаючы на заводзе Ford у Мічыгане, прэзыдэнт сказаў: «Перманэнтны карантын — не стратэгія для здаровага штату і здаровай краіны».
Трамп таксама адзначыў, што краіну чакае «трыюмфальнае адраджэньне».
За апошнія дзевяць тыдняў па дапамогу ў беспрацоўі зьвярнуліся 38,6 млн амэрыканцаў.
Падчас візыту на аўтамабільны завод здарыўся інцыдэнт: Трамп адмовіўся надзець ахоўную маску, неягледзячы на тое, што прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі некалькі разоў яго пра гэта прасілі. Трамп прынцыпова адмаўляецца насіць маску, хоць яе нашэньне рэкамэндуе фэдэральная ўлада ў якасьці прэвэнтыўнай засьцярогі.
Генпракурор штату Мічыган Дана Нэсэль рэзка скрытыкавала паводзіны Трампа, назваўшы яго «капрызьлівым дзіцем». Паводле яе, Трамп паставіўся да жыхароў штату Мічыган, у якім буяе каранавірус, «надзвычай непаважліва».
Трамп апраўдваўся, што ў час наведваньня заводу ненадоўга надзеў маску і ахоўныя акуляры, але перад журналістамі зьявіўся бязь іх, бо «не хацеў даць прэсе задавальненьне гэта ўбачыць».
Ён прадэманстраваў журналістам, што мае цёмна-сінюю маску з прэзыдэнцкай эмблемай.
Прэзыдэнт ЗША таксама сказаў, што, нягледзячы на пандэмію, распрацоўваюцца пляны правядзеньня саміту «Вялікай сямёркі» у ЗША ў наступным месяцы.
«Калі мы будзем праводзіць саміт, то гэта, верагодна, будзе ў Вашынгтоне, у Белым доме, — распавёў прэзыдэнт журналістам перад выездам у Мічыган. — Але частка саміту можа прайсьці ў рэзыдэнцыі Кэмп-Дэвід, яна недалёка».