Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нельга выбіраць паміж лысым і кудлатым». Ці забаронена вылучэнцам у прэзыдэнты агучваць сваю праграму падчас збору подпісаў?


Збор подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты ў прэзыдэнты Сяргея Чэрачня ў Менску, 21 траўня
Збор подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты ў прэзыдэнты Сяргея Чэрачня ў Менску, 21 траўня

Некаторыя вылучэнцы ў прэзыдэнты не агучваюць сваю праграму, спасылаючыся на нормы заканадаўства, якія забараняюць агітацыю на дадзеным этапе. Разьбіраемся з экспэртамі, ці сапраўды гэта забаронена.

Коратка:

  • Агітацыя на этапе збору подпісаў забароненая.
  • Вылучэнцы і сябры іх ініцыятыўных груп ня могуць раздаваць друкаваную прадукцыю.
  • Вылучэнцы і сябры іх ініцыятыўных груп могуць гаварыць пра погляды і бачаньне будучыні краіны.

У Беларускім выбарчым кодэксе сапраўды ёсьць норма, якая забараняе агітацыю на этапе збору подпісаў. Але як ставіць подпіс за чалавека, калі ня ведаеш, што ён прапануе?

«Нельга выбіраць паміж лысым і кудлатым»

На этапе збору подпісаў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта сапраўды ня можа раздаваць сваю праграму ў друкаваным выглядзе, як і ўсе іншыя друкаваныя агітацыйныя матэрыялы. Але ня ўсё так адназначна, тлумачыць юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч.

Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч

«Гэта вялікі прабел у заканадаўстве. Па Выбарчым кодэксе ў час збору подпісаў агітацыя забароненая. Але калі паглядзець пастанову ЦВК аб парадку збору подпісаў, то там забараняецца выраб і распаўсюд друкаванай прадукцыі і подкуп выбаршчыкаў ці абяцаньне такога подкупу.

Сытуацыю ня варта даводзіць да абсурду, трэба абапірацца на міжнародныя стандарты. Калі людзі падпісваюцца за некага, яны мусяць уяўляць, якую карціну будучыні чалавек прапаноўвае. Нельга выбіраць паміж лысым і кудлатым. У той ці іншай форме вылучэнцы могуць выказваць тую ці іншую грамадзянскую пазыцыю, якую яны адстойваюць», — кажа Ўладзімер Лабковіч.

На ягоную думку, на этапе збору подпісаў прэтэндэнты і іх ініцыятыўныя групы ня могуць займацца непасрэднай агітацыяй: раздаваць друкаваную прадукцыю, заклікаць галасаваць за сябе. Але яны могуць гаварыць пра сваю грамадзянскую і палітычную пазыцыю, гаварыць пра магчымыя будучыя рэформы, геапалітычны выбар.

Тым больш калі чалавек ідзе ад партыі, партыйная праграма якой вядомая, то яна вядомая і выбарцам.

«Зразумела, партыям ня трэба выдаляць з усіх носьбітаў праграму партыі. Ня трэба абмяжоўваць ані выбаршчыкаў, ані ініцыятыўныя групы ў правах. Вусная агітацыя, якая не патрабуе матэрыяльных выдаткаў, магчымая», — кажа Ўладзімер Лабковіч.

«Нельга моўчкі зьбіраць подпісы»

Паводле праваабаронцы, юрыста Валянціна Стэфановіча, забарона на агітацыю тычыцца друкаванай прадукцыі. Зьбіральнікі подпісаў ня могуць нешта раздаваць людзям, паказваць прадукцыю зь лёзунгамі ці друкаваныя праграмы. Але могуць выказваць пазыцыю свайго прэтэндэнта ў прэзыдэнты.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«Зьбіраць подпісы і пры гэтым маўчаць, відавочна, немагчыма. Мяркую, што вусна можна расказваць пра свайго вылучэнца, але нельга нічога раздаваць.

Тое, што вусна кажуць сябры ініцыятыўнай групы, — гэта дапушчальна, іначай немагчыма праводзіць выбары», — мяркуе Валянцін Стэфановіч.

ЦВК: Нельга нічога даваць у рукі людзям

Свабода зьвярнулася ў ЦВК з просьбай патлумачыць, ці можа прэтэндэнт у прэзыдэнты агучваць сваю праграму на этапе збору подпісаў. Паводле ЦВК, ягоная ініцыятыўная група на этапе збору подпісаў ня можа раздаваць улёткі, праграму ды іншыя агітацыйныя матэрыялы.

Але вусна пра свае погляды гаварыць можна, што могуць рабіць і сябры ініцыятыўнай групы. Таксама можа выкарыстоўвацца друкаваная прадукцыя (плякат, шчыт) зь біяграфічнымі зьвесткамі пра прэтэндэнта. Гэта прапісана ў правілах, апублікаваных на сайце ЦВК.

Такім чынам, апавядаць пра пазыцыю кандыдата і ягонае бачаньне разьвіцьця краіны — не агітацыя. Раздача ж друкаванай прадукцыі, у тым ліку лёзунгаў, — пад забаронай.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG