Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Каранік адказаў на спрэчныя пытаньні аб даплатах мэдыкам за працу з хворымі на COVID-19


Уладзімер Каранік, міністар аховы здароўя Беларусі, архіўнае фота
Уладзімер Каранік, міністар аховы здароўя Беларусі, архіўнае фота

Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік 21 траўня пракамэнтаваў сытуацыю з выплатамі мэдыкам за працу з пацыентамі, інфікаванымі COVID-19.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Як перадае БелТА, Каранік заявіў, што наведваў мэдычныя ўстановы і пытаў, ці атрымлівалі мэдыкі надбаўкі, прадугледжаныя адпаведным указам.

«Пачынаючы з санітаркі і заканчваючы загадчыкам аддзяленьня, яшчэ ніхто не сказаў, што заплацілі менш, чым трэба паводле ўказу», — заявіў Каранік.

Паводле Караніка, пахвілінная даплата можа ісьці ў іншых краінах, у Беларусі ж даплочваюць за зьмены:

«Калі цягам зьмены мэдычны пэрсанал кантактаваў з пацыентам з каранавірусной інфэкцыяй, аплата ідзе за ўсю зьмену, — тлумачыў Каранік. — То бок, не за тыя хвіліны, паўгадзіны ці гадзіну, пакуль яны займаліся аказаньнем мэдычнай дапамогі. Калі такіх зьменаў цягам месяца было больш за 30%, аплата ідзе за ўвесь месяц — гэта значыць поўная аплата».

У такой схеме Каранік пабачыў «прынцып сацыяльнай справядлівасьці» і запэўніў, што ўсе, хто кантактаваў з пацыентамі, інфікаванымі COVID-19, атрымаюць даплату, за зьмены ці за месяц.

Ён дадаў, што калі брыгада «хуткай дапамогі» перавозіла пацыента з пнэўманіяй, на той момант не дыягнаставанай як каранавіруснай, але пазьней выявілася каранавірусная інфэкцыя, мэдыкам налічаць даплату пазьней.

Тым, хто лічыць, што недаатрымаў даплату, Каранік параіў зьвяртацца ў прафсаюз, адміністрацыю мэдычнай установы, абласное ўпраўленьне аховы здароўя ці наўпрост у міністэрства.

Пра сытуацыю ў Бабруйску, дзе мэдыкі не далі БТ зьняць «прыгожы» сюжэт пра даплаты

Днём раней партал Tut.by расказваў пра канфлікт у Бабруйску, дзе ў супрацоўнікаў «хуткай дапамогі» выклікала абурэньне спроба брыгады зь дзяржаўнай тэлевізіі «зьняць прыгожую карцінку» пра даплаты. 13 траўня працаўнікі ўсіх трох бабруйскіх падстанцыяў «хуткай дапамогі» напісалі зварот у адміністрацыю Лукашэнкі наконт малых сумаў даплатаў за каранавірус або адсутнасьць даплатаў. 19 траўня пасьля спробы чыноўнікаў па-новаму трактаваць указ пра даплаты яны напісалі новы калектыўны ліст. 20 траўня мэдыкаў хацелі сабраць «для тлумачэньняў» у памяшканьні — яны ж сабраліся на вуліцы.

Тады мэдыкі пабачылі супрацоўнікаў БТ, якія «не заўважылі» дзьве сотні незадаволеных, а ўзялі ў кадр толькі двух чалавек, у якіх былі самыя вялікія даплаты. ​Паводле Tut.by, калі астатнія сталі выказвацца на камэру, супрацоўнікі БТ спынілі здымкі і сышлі.

21 траўня Каранік заявіў, што з 290 супрацоўнікаў «хуткай» у Бабруйску 118 чалавек атрымалі даплаты за красавік — «тыя, хто напраўду аказваў дапамогу пацыентам з каранавіруснай інфэкцыяй», і парушэньняў у гэтым ня выявілі. Калі ж надалей будуць выяўленыя парушэньні, іх разглядзяць.

«Для гэтага ёсьць вызначаны законам арбітраж і мэханізм атрыманьня даплатаў. І ў гэты мэханізм сродкі масавай інфармацыі не ўваходзяць», — дадаў Каранік.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG