Мэдыкі 30-й паліклінікі Менску абураюцца, што не атрымалі абяцаных выплат за працу з пацыентамі з COVID-19, а тыя, хто сам перахварэў, не атрымалі кампэнсацыі. Кіраўніцтва паліклінікі тлумачыць, што выплаты атрымалі ўсе, каму яны належацца па законе.
Свабода разьбіралася ў сытуацыі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
З «чыстай зоны» захварэлі 5 мэдыкаў, кампэнсацыі ніхто не атрымаў
Мэдыкі, што зьвярнуліся на Свабоду, расказалі, што паліклініку падзялілі на дзьве зоны — так званыя «чыстую» і «брудную», і абяцаныя надбаўкі выплацілі ня ўсім.
«Чыстая зона» — гэта стаматалёгія, траўматалёгія, тэрапія і некаторыя іншыя аддзяленьні. «Брудная зона» — гэта дзяжурныя лекары, якія прымаюць людзей з тэмпэратурай і іншымі сымптомамі, тэрапія, участковыя лекары. Надбавак чакалі ўсе супрацоўнікі, на справе атрымалі ня ўсе.
«Надбаўка за COVID-19 даецца толькі супрацоўнікам, якія працуюць у „бруднай зоне“, і мэдработнікам участковай практыкі, якія бяруць мазкі ў асобаў з падазрэньнем на каранавірус, і далёка ня ў тых маштабах, што абяцалі.
Што тычыцца мэдыкаў з „чыстай зоны“, пра кампэнсацыю нават гаворкі не вядзецца. Да таго ж падзел на гэтыя зоны — настолькі ўмоўны!» — кажуць супрацоўнікі паліклінікі.
Паводле інфармацыі мэдыкаў, якія зьвярнуліся на Свабоду, за апошнія тры тыдні з так званай «чыстай зоны» захварэлі старшая мэдсястра, дзьве мэдсястры і два дактары. Ніякіх выплат яны не атрымалі.
«Нам сказалі, што гэта, маўляў, «прафэсійная хвароба, мы выдзяляем вам індывідуальныя сродкі засьцярогі», — паведамілі абураныя мэдыкі. І дадалі, што сродкі засьцярогі, у прыватнасьці засьцерагальныя камбінэзоны, павінны мяняцца кожныя 2–3 гадзіны, а выдаюцца ў лепшым выпадку 1 раз на 2–3 дні.
Галоўная доктарка: «Пытаньняў па выплатах ніхто не ўздымаў, усе задаволеныя»
Галоўная доктарка 30-й паліклінікі Менску Іна Кісель прызнала, што мэдыкі, якія захварэлі, ва ўстанове ёсьць, але дакладнай іх лічбы не назвала.
«Так, захварэлыя ёсьць. Выплаты атрымліваюць усе ў адпаведнасьці з заканадаўствам, з указам прэзыдэнта — у залежнасьці ад пэрыяду працы. Пытаньняў па выплатах у нас ніхто не ўздымаў», — сьцьвярджае галоўная доктарка паліклінікі Іна Кісель.
На пярэчаньне, што ў рэдакцыю прыйшоў допіс ад незадаволеных, якія сьцьвярджаюць, што ўсім, хто перахварэў на каранавірус, адмоўлена ў кампэнсацыі, Іна Кісель паўтарыла, што ўсе, каму выплаты прадугледжаныя паводле ўказу № 131, іх атрымалі.
«Так, мы сустракаліся, нейкія моманты абмяркоўвалі. Што тычыцца матэрыяльнай дапамогі па прафсаюзнай лініі, яе атрымліваюць мэдыкі, калі з дыягназам COVID-19 чалавек быў больш за 21 дзень на часовай непрацаздольнасьці.
У ніводнага зь іх не ўстаноўлена вострага прафэсійнага захворваньня. Да 21 дня хваробы — адна выплата, больш за 21 дзень — іншая выплата», — сказала Іна Кісель.
І дадала, што ўсе, хто атрымаў выплаты, сумамі задаволеныя.
Выплаты паводле 131-га ўказу павінны быць пацьверджаныя дакумэнтальна — адміністрацыяй установы
Чаму выплаты атрымліваюць ня ўсе супрацоўнікі паліклінікі, якія неабходныя дакумэнты для кампэнсацыі, ці патрэбна мэдыкам самім пацьвярджаць, што яны працуюць з каранавіруснымі, Свабода запыталася ў юрыдычнай службе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Як патлумачыў Свабодзе юрыст ФПБ, мэдыкам, якія працуюць з хворымі і падазраванымі на каранавірус, прадугледжаныя два віды надбавак. Адзін від — паводле ўказу прэзыдэнта ад 16 красавіка № 131 «Аб матэрыяльным стымуляваньні работнікаў аховы здароўя».
Другі від выплат — гэта матэрыяльная дапамога са страхавога фонду ФПБ.
«Галоўны лекар паліклінікі казала пра тое, што тычыцца ўказу прэзыдэнта.
Тут павінны быць дакумэнты, якія дакладна пацьвярджаюць, што мэдыкі працавалі з каранавіруснымі хворымі. Выплаты залежаць ад пэрыяду працы. Гэтая надбаўка выплачваецца па рашэньні камісіі мэдычнай установы для тых, хто працаваў з „кавіднымі“ хворымі. Калі мэдыкі скардзяцца, што выплаты былі ня ў тым аб’ёме — гэта па ўказу прэзыдэнта», — тлумачыць юрыст.
600 рублёў ад ФПБ атрымаюць толькі тыя мэдыкі, хто хварэў больш за 21 дзень
Што тычыцца прафсаюзных выплат — гэта выплаты чальцам прафсаюзу, якія заразіліся COVID-19 на працоўных месцах і перахварэлі. Гэта матэрыяльная дапамога са страхавога прафсаюзнага фонду, які быў створаны 8 красавіка. Мэдыкам, якія перахварэлі на каранавірус, былі абяцаныя даплаты ў залежнасьці ад цяжкасьці захворваньня. Гаворка ішла аб сумах ад 600 да 5000 рублёў, тлумачыць юрыст ФПБ.
«Паліклініка ніякага дачыненьня да прафсаюзных выплат ня мае. Гэта каса ўзаемадапамогі, усе прафсаюзы скінуліся ў гэты страхавы фонд.
Для матэрыяльнай дапамогі прафсаюзная арганізацыя мэдычнай установы падае хадайніцтва ў ФПБ, і Фэдэрацыя выплачвае, калі мэдработнік хварэў больш за 21 дзень, 600 рублёў. Калі мэдработнік памёр — сваякам па заяве выплачваецца 5 тысяч. Іншых сум па нашых выплатах няма.
Калі мэдработнік перахварэў у лёгкай форме, менш за 21 дзень, — яму выплачваецца матэрыяльная дапамога ў пярвічных прафсаюзных арганізацыях. Натуральна, сумы там меншыя», — тлумачыць юрыст Фэдэрацыі прафсаюзаў.
Юрыст ФПБ дадаў, што на мінулым тыдні матэрыяльную дапамогу па 600 рублёў выплацілі 47 асобам, якія хварэлі больш за 21 дзень.
Вядома, што толькі на Віцебшчыне каранавірусам заразіліся каля 1500 мэдыкаў, на Гомельшчыне — каля 500.
А сьмяротнасьць сярод беларускіх мэдыкаў, паводле беларускай статыстыкі, значна вышэйшая, чым у Эўропе.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ