Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З космасу відаць, што Антарктыда пазелянела ад водарасьцяў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Брытанскія дасьледчыкі стварылі першую маштабную карту распаўсюджваньня мікраскапічных водарасьцяў на ўзьбярэжжы Антарктыды. Як паведамляе BBC, на здымках з космасу налічваецца амаль 1700 участкаў, дзе сьнег ад іх зрабіўся зялёным.

Паводле навукоўцаў, арганізмы, якія жывуць за кошт фотасынтэзу, выцягваюць вуглякіслы газ з атмасфэры і адыгрываюць ключавую ролю ў кругавароце пажыўных рэчываў у Антарктыдзе.

Знаходзячыся на зямлі, заўважыць зьмяненьне колеру сьнегу нескладана, але нашмат цяжэй зафіксаваць гэта з космасу. Гэта дазваляюць зрабіць высокадакладныя дэтэктары на борце апарату Эўрапейскага касьмічнага агенцтва Sentinel-2.

Аб’ектам вывучэньня быў Антарктычны паўвостраў — паласа зямлі, якая выступае ад берагу лядовага кантынэнту ў кірунку да Паўднёвай Амэрыцы. Водарасьці знаходзяцца пераважна на заходнім беразе, а таксама на выспах уздоўж узьбярэжжа.

Антарктычныя мікраводарасьці былі ўпершыню апісаныя экспэдыцыямі 1950-х і 1960-х гадоў. Яны глядзяцца маляўніча, калі афарбоўваюць сьнежныя схілы шырокімі каляровымі палосамі, кантрастуючы з навакольным белым колерам. Гэта любяць здымаць турысты з круізных караблёў.

Водарасьцям неабходная дастатковая колькасьць вады ў вадкім стане, таму яны сустракаюцца на сьнежных участках, дзе тэмпэратура ня падае нашмат ніжэй за нуль.

Яны таксама моцна залежаць ад наяўнасьці цюленяў, пінгвінаў і антарктычных птушак, чые экскрэмэнты зьяўляюцца крыніцай патрэбнага водарасьцям азоту і іншых рэчываў.

Што здарыцца зь імі, калі ў Антарктыцы пацяплее? Тэмпэратура тут расьце, пачынаючы з другой паловы ХХ стагодзьдзя, і кліматолягі прадказваюць, што гэтая тэндэнцыя захаваецца наступныя некалькі дзесяцігодзьдзяў.

Паводле навукоўцаў, водарасьці на астравах могуць зьнікнуць усьлед за сьнежным покрывам. З другога боку, перад водарасьцямі адкрыюцца новыя магчымасьці на мацерыку.

У дасьледаваньні, вынікі якога апублікаваныя ў часопісе Nature Communications, пра якое расказвае ВВС, удзельнічалі таксама спэцыялісты Брытанскага цэнтру вывучэньня Антарктыкі і Эдынбурскага ўнівэрсытэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG