Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дастанецца Беларусі кавалак Антарктыкі?



Асноўнай задачай Цэнтру – каардынаваць навукова-дасьледчую працу беларускіх навукоўцаў у палярных раёнах Зямлі. Апошнім часам ўсё часьцей чуваць выказваньні, што палярныя тэрыторыі могуць стаць багатай крыніцай карысных выкапняў. Якія шанцы Беларусі ўдзельнічаць у дасьледаваньні палярных нетраў?
Існуе дамова “Аб Антарктыцы” і гэта не гаворыць аб тым, што толькі вялікія краіны будуць задзейнічаныя ў дасьледаваньні антарктычных нетраў

Выканаўцам абавязкаў кіраўніка новага цэнтру палярных дасьледаваньняў прызначаны Алег Смарчкоў, які дагэтуль узначальваў Цэнтар радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя. Ён не сумняецца, што ў беларусаў добрыя шанцы, каб замацавацца на лядовым мацерыку:

«Ну, канечне! Найперш існуе дамова “Аб Антарктыцы” і гэта не гаворыць аб тым, што толькі вялікія краіны будуць задзейнічаныя ў дасьледаваньні антарктычных нетраў. Справа ў тым, што якраз цяпер у нас знаходзіцца з візытам кіраўнік Расейскай антарктычнай экспэдыцыі Валерый Лукін і заўтра з гэтай нагоды будзе пашыраная нарада. Таксама прымеркаваная да дамовы “Аб Антарктыцы”.

Карэспандэнт: “На колькі я разумею, і цяпер група беларускіх спэцыялістаў камандзіраваная ў Антарктыду?”

“Так, чатыры чалавекі ў нас там працуюць. У складзе расейская экспэдыцыі рыхтуюць глебу для пабудовы ўласнай станцыі”.

Антарктыка і Арктыка фактычна апошнія некранутыя рэсурсныя рэзэрвы зямлянаў. Менавіта таму за гэтыя кавалкі тэрыторыі ідзе барацьба. Яшчэ ў 1959 годзе было падпісанае міжнароднае пагадненьне аб Антарктыдзе, згодна зь якім мацярык на 50 гадоў абвешчаны нэўтральнай, дэмілітарызаванай зонай. Гэты тэрмін хутка заканчваецца.

Новых гаспадароў чакаюць яшчэ нават неацэненыя запасы нафты і газу. Апроч таго, у Антарктыдзе тэарэтычна залягаюць каляровыя мэталы, каменны вугаль, жалезная руда. І прэсная вада, якой тут 9/10 ад усіх запасаў на плянэце.

На кавалак “антарктычнага пірага” прэтэндуе і Беларусь. У 2006 годзе два беларускія спэцыялісты былі накіраваныя ў Антарктыду дзеля вывучэньня магчымасьці адкрыцьця беларускай антарктычная станцыі побач з расейскай станцыяй “Молодежная”. А пры канцы мінулага году ўжо чацьвёра палярнікаў – вопытныя Аляксей Гайдашоў і Ігар Бык, а таксама маладыя спэцыялісты Вячаслаў Шпілеўскі і Віктар Дзёмін -- выправіліся ў Антарктыку у складзе расейскай экспэдыцыі.

На мацярык навуковае судна «Акадэмік Фёдараў» з удзельнікамі экспэдыцыі прыбыло 15 сьнежня. Час камандзіроўкі - да красавіка 2008-га. Цяпер беларусы дысьлякаваныя на так званай палявой базе «Гара вечаровая», якая належыць Расеі і дзе ў пэрспэктыве маецца ўзьнікнуць першая беларуская палярная база.
Гэта не надта вялікія грошы, хоць тэхнічна ня так ўсё лёгка зрабіць. Але я перакананы, што ўсё ж гэтая задума карысная. Зараз будзе ісьці падзел той часткі сьвету. А там вельмі цікавы раён

Паводле папярэдніх падлікаў, на яе будаўніцтва, а таксама дзеля правядзеньня дасьледаваньняў запатрабуецца каля 8 мільёнаў даляраў. У далейшым ўтрыманьне будзе абыходзіцца дзяржаве яшчэ ў 2 мільёны даляраў штогод.

Беларусь не пакідае надзеі стаць адным з актыўных дасьледчыкаў Антарктыды. Такую ініцыятыву ўхваляе адзін з самых аўтарытэтных беларускіх геолягаў, акадэмік Радзім Гарэцкі:

“Думаю, што гэта ўсё карысна. Ёсьць жа дамоўленасьць з Расеяй, зь іншымі краінамі, што мы там зможам станцыю паставіць. Гэта не надта вялікія грошы, хоць тэхнічна ня так ўсё лёгка зрабіць. Але я перакананы, што ўсё ж гэтая задума карысная. Зараз будзе ісьці падзел той часткі сьвету. А там вельмі цікавы раён – перадусім з геалягічнага боку. Карысныя выкапні пакуль там не дазваляецца здабываць, але з усіх бакоў гэта цікавы раён, які мае вялізнае значэньне, я б сказаў, для Сусьвету. З рознага гледзішча -- і наконт клімату, і наконт азонавага пласта. Ну і наогул гэта новая старонка ў дасьледаваньнях. Таму калі там наша краіна зойме нейкае месца, то гэта будзе на карысьць і дзяржаве, і нашы дасьледчыкі таксама змогуць зрабіць пэўны ўнёсак у агульную працу. І гэта дасьць вынік для ўсёй агульначалавечай справы”.

У 1991 годзе ўведзены 50-гадовы мараторый на любыя геалягічныя вышукі ў Антарктыдзе. Пробная здабыча нафты на кантынэнце плянуецца не раней за 2050 год. Аднак, як сьцьвярджаюць многія экспэрты, геалягічныя распрацоўкі пад “дасьледчыцкім прыкрыцьцём” вядуцца ўжо цяпер. У любым выпадку, як кажуць адмыслоўцы, усе зацікаўленыя бакі вытрымліваюць паўзу перад стартам, чакаючы магчымасьць атрымаць права на засваеньне некранутых земляў.

Антарктыда і прылеглыя да яе ўчасткі Атлянтычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў ўваходзяць у склад Антарктыкі – паўдзённай палярнай часткі зямной кулі. Агульная плошча Антарктыкі -- 52 мільёны квадратных кілямэтры. Менавіта там месьціцца полюс холаду Зямлі: у 1983-м годзе там быў зарэгістраваны тэмпэратурны рэкорд -- мінус 89,2 градусу паводле шкалы Цэльсія. Сярэдняя тэмпэратура зімовых месяцаў у цэнтры мацерыка складае мінус 65 градусаў, летніх -- 40 градусаў ніжэй за нуль. У 1959-м 12 краінаў падпісалі дамову, у адпаведнасьці зь якой кантынэнт застаецца нэўтральнай зонай для навуковых дасьледаваньняў у мірных мэтах. На сёньняшні дзень да дамовы далучыліся 48 краінаў. Сёньня Антарктыда не належыць ніводнай дзяржаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG