Беларусы Чэхіі зьвярнуліся з адкрытым лістом да прэзыдэнта Чэхіі Зэмана з заклікам паўплываць на Лукашэнку
Копіі ліста былі перададзеныя старшыням ураду Чэхіі і абодвум палатам чэскага парлямэнту — Сэнату і Палаты дэпутатаў.
У лісьце, які быў зачытаны перад некалькімі сотнямі ўдзельнікаў Беларускага ланцуга салідарнасьці і мітынгу пратэсту на Старамесцкай плошчы Прагі 27 чэрвеня, нагадваюцца абставіны сёлетняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі.
Ліст падпісалі каля 150 чалавек (прыкладна палова ўдзельнікаў акцыі).
Аўтары ліста заклікаюць прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана выкарыстаць свой палітычны ўплыў для таго, каб кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ўсьвядоміў міжнародныя і эканамічныя наступствы «свайго незаконнага чапляньня за ўладу любой цаной». Паводле аўтараў, Лукашэнка не павінен думаць, што яму парушэньне закону і рэпрэсіі супраць уласнага народу сыдуць з рук, і што ягоныя аўтарытарныя мэтады кіраваньня не належаць да ХХІ стагодзьдзя і да Эўропы.
Беларус выпусьціў у Нідэрляндах сэрыю марак з выявамі «Краіна для жыцьця» і «Я/Мы 97%»
Праграміст зь Нідэрляндаў Павел Краснапеўцаў замовіў сэрыю «палітычных» марак. На іх зьмешчаныя выявы «Краіна для жыцьця», «Я мы 97» і карціна «Ева» Хаіма Суціна. У інтэрвію Свабодзе Павел распавёў, як выбары аб’ядналі беларусаў замежжа і каму ён дашле паштоўкі з уласнымі маркамі.
Павел адразу ўдакладняе, што маркі сапраўдныя, але яны ня выпушчаныя па ініцыятыве афіцыйнай пошты. У Нідэрляндах ёсьць такі сэрвіс, дзе любы ахвочы можа выпусьціць дзейсную марку са сваёй выявай.
«Гэта вельмі лёгка зрабіць праз сайт. Трэба дадаць сваю выяву, і празь дзень-два прыходзяць маркі. Ёсьць абмежаваньні наконт экстырмісцкіх выяваў. Але „Краіну для жыцьця“ можна», — кажа Павел.
Прынамсі 17 чалавек затрымалі ў Дзень незалежнасьці па ўсёй Беларусі — праваабаронцы
Такую колькасьць затрыманых налічыў праваабарончы цэнтар «Вясна». Па іх інфармацыі, на цяперашні момант вядома пра затрыманьні ў Гомлі, Менску, Барысаве, Берасьці, Магілёве, Маладэчне і Мастах.
Як удакладняюць у «Вясьне», у сацыяльных сетках людзей заклікалі выйсьці на галоўныя вуліцы гарадоў і выказаць нязгоду з тым, як праходзіць выбарчая кампанія ў Беларусі.
Напярэдадні Дня незалежнасьці МУС папярэдзіла, што «любыя правакацыі, у тым ліку палітычнага кшталту, будуць спыняцца ў адпаведнасьці з дзеючым заканадаўствам».
МУС: 300 тысяч чалавек ўзялі ўдзел у сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці
3 ліпеня ў Беларусі прайшло 361 сьвяточнае мерапрыемства з нагоды Дня Незалежнасьці. Агулам у ім узялі ўдзел 300 тысяч беларусаў, паведамляе прэс-служба МУС.
Апэратыўная абстаноўка ў краіне была спакойнай, надзвычайных сытуацый ды здарэньняў у месцах правядзеньня масавых мерапрыемстваў не дапушчана, удакладняюць у прэс-службе.
Зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі і салютам. У Горадні адзначылі Дзень незалежнасьці. ФОТА
У Горадні ўдзень 3 ліпеня не было адной сьвяточнай пляцоўкі з кавярняй пад адкрытым небам і канцэртам, як у папярэднія гады. Пра выходны дзень гаварыла большая колькасьць людзей на цэнтральных вуліцах і плошчах, а таксама шмат міліцыянтаў у белых кашулях.
Відаць было нешматлікія сем’і, што выйшлі ў горад з бел-чырвона-белымі-сьцяжкамі, маладзёнаў у сьвітшотах з Пагоняй і надпісам «Жыве Беларусь». Супрацоўнік ДАІ спыніў прынамсі аднаго таксоўца з нацыянальным сьцяжком на антэне і выпісаў яму нейкі дакумэнт.
Бліжэй завяршэньня сьвяткаваньня прыехала каля тысячы чалавек, у тым ліку, чыноўнікі, прадстаўнікі арганізацыі «Белая Русь», фэдэрацыі прафсаюзаў, БРСМ, Чырвонага Крыжа. Удзельнікі імпрэзы засьпявалі гімн Беларусі. Дзень незалежнасьці скончыўся салютам.
3 ліпеня ў Мюнхене прайшла акцыя салідарнасьці
Ацыя доўжылася дзьве гадзіны. Удзельнікі акцыі выступалі на расейскай, ангельскай, беларускай і нямецкай мовах, сьпявалі, чыталі вершы. Была абвешчаная хвіліна маўчаньня памяці зьніклых.
У Жэнэве, перад будынкам ААН беларусы Швэйцарыі правялі акцыю салідарнасьці
«Мы вырашылі падтрымаць людзей у Беларусі ў гэты складаны час, выявіць неабыякавасьць і салідарнасьць. Мы супраць рэпрэсія» – патлумачылі мэту сваёй акцыі арганізатары.
Фота Аляксея Мілюкова
Надзея Саўчанка зьвярнулася да Лукашэнкі: «Лепш мець адкрытую апазыцыю, чым нож у сьпіну ад суседзяў»
Герой Украіны, колішняя дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны, былая палітзьняволеная Надзея Саўчанка зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом, у якім заклікае яго вызваліць усіх зьняволеных у часе выбарчай кампаніі.
Зварот, напісаны адразу на трох мовах — украінскай, беларускай і расейскай, Надзея Саўчанка абнародавала яго на сваёй старонцы ў Facebook.
Экс-дэпутатка спачатку павіншавала Аляксандра Лукашэнку і беларускі народ зь афіцыйным днём незалежнасьці і зьвярнулася да кіраўніка Беларусі «як украінка, Герой Украіны, патрыёт сваёй краіны, і як добрая суседка Беларусі».
«Аляксандр Рыгоравіч, вы, як лідэр сваёй краіны, не аднойчы дэманстравалі мудрасьць у зьнешняй палітыцы і ўменьне ў кіраваньні сваёй краінай. Але зараз набліжаецца новы час. Мудрасьць і сіла палітыка яшчэ і ў тым, каб умець адпавядаць сваімі рашэньнямі новым выклікам часу. ... Найвышэйшае дасягненьне лідэра — умець выгадаваць сабе годную замену і своечасова перадаць уладу, каб яшчэ пасьпець пракантраляваць вернасьць шляху ў будучыню сваёй дзяржавы».
Надзея Саўчанка перакананая, што Аляксандар Лукашэнка здольны прайсьці такім асьцярожным і верным шляхам, каб не разбурыць і ня ўтапіць сваю краіну ў крыві:
«Я зьвяртаюся да вас, Аляксандр Рыгоравіч, як палітвязень у Расеі і ва Ўкраіне. Мне давялося двойчы прайсьці гэты шлях. І я ведаю аб парушэньнях правоў чалавека не па чутках. Я прашу вас, Аляксандр Рыгоравіч, вызваліць з-за кратаў людзей, якія прызнаныя беларускімі праваабаронцамі і сусьветнай супольнасьцю вязьнямі сумленьня».
У прыватнасьці, Надзея Саўчанка заклікала вызваліць Мікалая Статкевіча, Вольгу Мікалайчык, Уладзімера Дударава, Сьвятлану Купрэеву, Сяргея Ціханоўскага, Дзьмітрыя Фурманава, Вяргілія Ўшака, Аляксандра Арановіча, Арцём Сакава, Васіля Баброўскага, Уладзімера Навуміка, Андрэя Новікава, Сяргея Пятрухіна, Уладзімера Няронскага, Аляксандра Кабанава, Уладзімера Цыгановіча, Дзьмітрыя Казлова, Ігара Лосіка, Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, Івана Комара, Мікіту Емяльянава, Міхаіла Жамчужнага і Паўла Севярынца.
Ціханоўская: Ці адчуваем мы сябе свабоднымі?
Прэтэндэнтка на пасаду прэзыдэнта Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да суграмадзянам з кароткім 45-сэкундным зваротам, у якім павіншавала з афіцыйным Днём незалежнасьці.
«3 ліпеня для ўсіх нас асацыюецца з вызваленьнем, але ці адчуваем мы, беларусы, сябе свабоднымі? Я прашу кожнага для сябе адказаць на гэтае пытаньне сумленна. Асабіста для мяне сёньняшняе паняцьце свабоды — гэта мой боль. Але відавочна гэта не толькі мой боль, але і ваш. Я мару і жадаю вам, што аднойчы мы ў поўнай меры зможам усьвядоміць праўдзівы сэнс паняцця „свабода“. Са сьвятам вас, сябры» — сказала Ціханоўская.
Лукашэнка ўжо нават не спрабуе спадабацца большасьці, — палітоляг
Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч разважае, чаму ў гэтай кампаніі Лукашэнка ня мае ніякай станоўчай праграмы і пэрспэктывы для краіны, тлумачыць, чаму ўладам не спадабалася нават памяркоўная лібэралізацыя і яны яе згарнулі, і заяўляе, што ўсё, над чым працавалі апошнія 6 гадоў у адносінах з Захадам, цалкам зьнішчана.
Сьцісла
- Адыход ад лібэралізацыі пачаўся ў Беларусі прыкладна два гады таму
- Чаму зараз улады нават не спрабуюць сфармуляваць нейкую візію на будучыню? Збой сыстэмы
- Калі можна будзе ўтрымаць уладу толькі сілавымі захадамі, без электаральнай падтрымкі — дык навошта заваёўваць сымпатыі большасьці?
- Сілавыя крокі ўлады падчас гэтай кампаніі адназначна прывядуць да пэўнай замежнапалітычнай ізаляцыі.
- Наіўна было чакаць, што ўсе апазыцыйныя людзі пачнуць любіць Лукашэнку і класьціся за яго пад шпалы.
У Вярхоўнай радзе Ўкраіны патлумачылі, навошта стварылі аб’яднаньне «За дэмакратычную Беларусь»
3 ліпеня, калі ў Беларусі адзначаецца Дзень незалежнасьці, ва ўкраінскім парлямэнце абвясьцілі аб стварэньні міжфракцыйнага дэпутацкага аб’яднаньня «За дэмакратычную Беларусь».
Яго кіраўнік, дэпутат фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» Аляксей Ганчарэнка расказаў Свабодзе пра прычыны стварэньня аб’яднаньня, яго будучую дзейнасьць, а таксама, чаму Пятро Парашэнка пакуль не далучыўся да гэтай ініцыятывы.
У Гомлі затрымліваюць грамадзкіх актывістаў. Відэа
3 ліпеня ў Гомлі міліцыя затрымала некалькіх актывістаў. Напярэдадні ў сацыяльных сетках анансавалі правядзеньне чарговай «акцыі салідарнасьці».
Сёньня на пляжы а 12-ай гадзіне меркавалася правесьці «акцыю салідарнасьці». Яе анансавалі ў сацыяльных сетках. Плянавалася, што ўдзельнікі акцыі прыйдуць на пляж, каб «адпачыць, пагуляць у розныя гульні, паесьці марозіва».
Прыкладна ў 11.50 міліцыя затрымала актывістку Алену Давыдаву.
Вялікая Брытанія заклікала вызваліць Бабарыкаў і іншых арыштаваных у Беларусі
Намесьніца кіраўніка дэлегацыі краіны ў АБСЭ Нікола Мюрэй 2 ліпеня на пасяджэньні Пастаяннай рады АБСЭ выказала занепакоенасьць Вялікай Брытаніі затрыманьнем патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і ягонага сына Эдуарда, а таксама расьсьледаваньнем МУС у дачыненьні да іншага прэтэндэнта Валерыя Цапкалы.
Мюрэй заклікала беларускія ўлады вызваліць Бабарыкаў, а таксама затрыманых прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці; «паважаць вяршэнства закона, уключаючы права на справядлівае судовае разьбіральніцтва». Цалкам чытайце па спасылцы.
Чаму і як стваральніца фб-суполкі «Хватит бояться!» зьехала зь Беларусі
Былая тэле- і радыёвядучая, блогерка, адміністратарка суполкі ў Фэйсбуку «Хватит бояться» Тацяна Мартынава тлумачыць Свабодзе вымушаны ад’езд зь Беларусі пагрозай арышту. Пасьля параду 9 траўня Тацяна стварыла суполку, у якой цяпер каля 27 тысяч удзельнікаў. Журналістка расказвае, як «партызаняць» былыя калегі зь дзяржаўнага тэлеканалу АНТ, і адказвае на пытаньне, ці была яна ў рэстарацыі ля Курапатаў.
Пераможцу «Славянскага базару» пасьля выказваньняў «за справядлівыя выбары» адлічылі з Унівэрсытэту культуры
Аляксей Грос вучыўся на IV курсе завочнага аддзяленьня Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў. 1 ліпеня ён атрымаў лістом выпіску з загаду аб адлічэньні. Фармулёўка — «з ініцыятывы ўстановы адукацыі за акадэмічную непасьпяховасьць».
Сьпявак лічыць, што адбылося гэта пасьля ягоных выказваньняў «за справядлівыя выбары» ў сацыяльных сетках. Аляксей напісаў пост у Інстаграме «Сорамна быць крывадушцам». Чытайце артыкул па спасылцы.
Стала вядома, у чым абвінавачваюць Віктара і Эдуарда Бабарыкаў
Як вынікае са сьпісу крымінальных спраў апэляцыйнай інстанцыі, якія разглядае судовая калегія Менскага гарадзкога суду, Віктара Бабарыку абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнагаа кодэксу Беларусі:
- ч.2 арт. 235 КК («Адмываньне» грошай, атрыманых злачынным шляхам, паўторна, з выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў або ў асабліва буйным памеры; пагражае ад 4 да 7 гадоў пазбаўленьня волі са штрафам);
- ч. 2 арт. 243 КК (Ухіленьне ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры; да 5 гадоў абмежаваньня або ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі са штрафам);
- ч.2 арт. 431 КК (Даваньне хабару паўторна або ў буйным памеры; да 5 гадоў абмежаваньня або ад 2 да 7 гадоў пазбаўленьня волі).
Ягонага сына Эдуарда Бабарыку — ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК). Цалкам чытайце тут.
«Хадзіў у прыбіральню, калі адбылася тузаніна». У Горадні на суткі асудзілі апэратара Ціханоўскага
У Горадні асудзілі на 5 сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства дзявятага фігуранта «справы Ціханоўскага» Арцёма Сакава. Пастанову вынес суд Ленінскага раёну 2 ліпеня.
25-гадовага жыхара Гомля Арцёма Сакава затрымалі 31 траўня на найманай кватэры ў Горадні. Ён праходзіць па крымінальнай «справе Ціханоўскага», знаходзіцца ў менскім СІЗА № 1. Гэтая адміністратыўная справа ня мае дачыненьня да крымінальнай справы, па апошняй суду яшчэ не было. Рэпартаж з суду чытайце тут.
Арыштаў на 5 гадоў, штрафаў на 190 тысяч рублёў — праваабаронцы падлічылі вынікі перасьледу падчас выбараў
Ад 6 траўня і да 1 ліпеня ўключна ў Беларусі 125 чалавек пакаралі арыштам на прыблізна 1800 сутак і 246 чалавек — штрафамі на амаль 190 тысяч рублёў у сувязі з палітычнымі акцыямі, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Праваабаронцам вядома агулам пра 680 выпадкаў затрыманьняў у сувязі са зборам подпісаў за вылучэньне кандыдатаў і акцыямі салідарнасьці са зьняволенымі. Цалкам чытайце тут.
Кіраўнік Каталіцкага касьцёлу Беларусі: «Выбары павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі»
2 ліпеня кіраўнік Каталіцкага касьцёла ў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас прамовы перад вернікамі на штогадовых урачыстасьцях у Будславе, сярод іншага, закрануў тэму каранавірусу і сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
«З Эвангельля мы ведаем, што Езус суцішыў буру на моры і сказаў апосталам не баяцца. Таксама і мы не павінны баяцца і насьцеж адчыніць дзьверы нашых сэрцаў Езусу, каб ён быў у нас і нашым народзе, які выбірае сваю будучыню. Карабель, імя якому Беларусь, сёньня знаходзіцца на ўзбураным сацыяльна-палітычнымі хвалямі моры. Выбары, якія перад намі, павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі», — сказаў Кандрусевіч. Цалкам чытайце тут.