У дом Бабарыкаў на Вячы трэці раз прыяжджалі праваахоўнікі
Аляксандра Зьверава, сяброўка Эдуарда Бабарыкі — сына і начальніка штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, паведаміла пра чарговы ператрус у доме Бабарыкаў. Чаму адбываецца ператрус, яна ня ведае: жартуе, што адзіны варыянт — «бо сёньня чацьвер».
Мінулым разам супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў прыяжджалі ў гэты дом у вёсцы Мачаны Лагойскага раёну, што ля вадасховішча Вяча, тыдзень таму — у чацьвер, 25 чэрвеня. Першы ператрус адбыўся ў тым доме два тыдні таму — у чацьвер, 18 чэрвеня. У штабе Бабарыкі пацьвердзілі, што праваахоўнікі прыяжджалі, але візыт быў кароткім.
У ЦВК падалі дакумэнты для рэгістрацыі Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты, ён зрабіў гэта апошнім
Цэнтральная выбарчая камісія паведаміла агенцтву «Інтэрфакс» 2 ліпеня, што дакумэнты на рэгістрацыю дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты ўжо пададзеныя.
Пакет дакумэнтаў падаў не асабіста Лукашэнка, а кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы, старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Такім чынам, Лукашэнка стаў сёмым (і, імаверна, апошнім) патэнцыйным кандыдатам, які падаў дакумэнты на рэгістрацыю. Цалкам чытайце тут.
Спартоўцы заявілі, што ім забаранілі выказвацца пра палітычныя падзеі ў Беларусі
«Спартоўцаў і трэнэраў паставілі перад фактам: акрамя дзяржаўных СМІ, ні з кім на палітычныя тэмы не гаварыць», — паведаміла Свабодзе ўдзельніца нацыянальнай каманды ў лёгкай атлетыцы, якая пажадала застацца ананімнай.
Тое, што забарона на выказваньне ўласнай думкі ў незалежных СМІ распаўсюджваецца ня толькі на дзейных чальцоў зборнай, паведаміў Свабодзе іншы алімпійскі прызэр-легкаатлет. Ён расказаў, што гэта тычыцца і ягоных калегаў-«пэнсіянэраў», якія пасьля завяршэньня кар’еры на грамадзкай аснове далучаныя да фэдэрацый у сваіх дысцыплінах.
У Горадні асудзілі відэаапэратара блогера Ціханоўскага за тое, што нібыта ён здымаў і размахваў рукамі адначасова
Жыхара Менску Вяргілія Ўшака пакаралі адміністрацыйным арыштам на 7 сутак за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі 2 ліпеня.
Ягоная адміністрацыйная справа ня мае дачыненьня да крымінальных, у апошніх суду яшчэ не было. Праз крымінальныя справы ён прызнаны палітычным зьняволеным.
Справу разглядала судзьдзя Натальля Козел. Сьведкамі выступілі амапаўцы Павел Конан, Дзяніс Серада, міліцыянт Сяргей Рымко, а таксама дзяўчына Ўшака Надзея Салодкая. На судзе прысутнічаў прадстаўнік УУС Горадзенскага аблвыканкаму Міхал Паўлоўскі.
Паводле пратаколу, Ушак 29 траўня на Савецкай плошчы крычаў, выказваўся нецэнзурна, настойліва чапляўся да людзей, спрабаваў зладзіць патасоўку. Пры затрыманьні супраціўляўся, упіраўся, размахваў рукамі, спрабаваў уцячы.
Суд прызначыў Ушаку 7 сутак адміністрацыйнага арышту агулам за абодва артыкулы.
«Дэмакратычныя выбары ўзмоцняць сувэрэнітэт». МЗС Украіны пракамэнтавала выбарчую кампанію ў Беларусі
«Украіна як прыхільніца сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі выступае за правядзеньне свабодных і мірных выбараў з забесьпячэньнем фундамэнтальных свабодаў грамадзян Беларусі, рэгістрацыю патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта без палітычна матываваных абмежавальных захадаў», — адзначаецца ў адказе ўкраінскага замежнапалітычнага ведамства на запыт журналістаў украінскага «Громадського телебачення».
Дыпляматы ня сталі камэнтаваць сытуацыю з затрыманьнем і арыштам прэтэндэнта ў кандыдаты Віктара Бабарыкі і кіраўніка ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, яе мужа Сяргея Ціханоўскага.
У Менску выбарчая камісія аднагалосна пацьвердзіла агучаныя ЦВК лічбы подпісаў
Менская гарадзкая выбарчая камісія зацьвердзіла выніковыя пратаколы раённых камісій з колькасьцю сапраўдных подпісаў за кожнага прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзыдэнты. Усе сябры камісіі прагаласавалі аднагалосна — лічбы, абнародаваныя ЦВК 30 чэрвеня па Менску, прызнаныя праўдзівымі.
Паседжаньне вёў старшыня Менскай гарадзкой выбарчай камісіі Дзьмітры Шаўцоў. Сакратарка камісіі Тацяна Кот зачытала, колькі подпісаў за кожнага кандыдата паступіла з раённых выбарчых камісій.
- Віктар Бабарыка — 63 721 подпіс;
- Андрэй Дзьмітрыеў — 52 358 подпісаў;
- Ганна Канапацкая — 126 262 подпісы;
- Аляксандар Лукашэнка — 306 533 подпісы;
- Сьвятлана Ціханоўская — 25 895 подпісаў;
- Валер Цапкала — 21 311 подпісаў;
- Сяргей Чэрачэнь — 47 103 подпісы.
«Стабільнасьці ня будзе». Апытаньне ў Менску аб прэзыдэнцкай кампаніі
Свабода спытала ў мінакоў у цэнтры Менску, ці сочаць яны за прэзыдэнцкай кампаніяй і якія спадзевы зьвязваюць з выбарамі, што пройдуць 9 жніўня 2020 году.
ЦВК адказала штабам Бабарыкі і Цапкалы: падставаў для пошуку «страчаных подпісаў» няма
Як сказана ў паведамленьні ЦВК, заяўнікі патрабуюць паведаміць аб парадку адбору подпісаў для праверкі і пацьвердзіць законнасьць дзеяньняў камісій, праверыць і пацьвердзіць прызнаньне або непрызнаньне менавіта іхных подпісаў несапраўднымі або ўлічыць іх подпіс, калі ён ня быў улічаны.
Раней аб плянах аспрэчыць вынікі праверкі паведамілі штабы прэтэндэнтаў Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.
Выбарчае заканадаўства не прадугледжвае працэдуры пераправеркі подпісу выбарніка на яго запатрабаваньне, перадачы яму копій матэрыялаў праверкі подпісаў і індывідуальнага або групавога абскарджваньня вынікаў праверак у судовым парадку. На практыцы гэта не можа быць рэалізавана з прычыны шматтысячнай колькасьці падпісных лістоў і подпісаў у іх, гаворыцца ў адказе.
«Элегантнай перамогі ўжо ня будзе». Размова з польскай эўрадэпутаткай Ганнай Фатыгай
Ганна Фатыга (Anna Fotyga) — польская дэпутатка Эўрапарляменту, выбраная ад партыі «Права і справядлівасьць». У Эўрапарлямэнце Фатыга належыць да фракцыі эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў ды старшынюе ў Камісіі эўрапейскай інтэграцыі. У 2006–2007 гг. яна была міністрам замежных справаў Польшчы, у 2007–2008 гг. — кіравала канцылярыяй прэзыдэнта Леха Качыньскага.
«Ніякіх белых пальчатак тут ужо няма, — кажа яна. — Гэта відавочная рэч для назіральнікаў. Спадзяюся, што вольны сьвет мусіць гэтую перасьцярогу, як раблю гэта я, пасылаць вельмі выразна: мы будзем сачыць за падзеямі ў Беларусі, праводзіць маніторынг і падтрымліваць тых, якія хочуць ажыцьцяўляць свае грамадзянскія правы. Аляксандар Лукашэнка павінен ведаць, што яму ня ўдасца зрабіць гэтага цішком і «элегантна».
Дэпутатка бундэстагу дапусьціла санкцыі супраць Беларусі і адмену візавага пагадненьня, калі выбары будуць несумленныя
З 1 ліпеня Нямеччына на паўгоду ўзначаліла Раду Эўрапейскага зьвязу. Сябра нямецка-беларускай парлямэнцкай групы Маргарэт Баўзэ заявіла ў інтэрвію «Нямецкай хвалі», што галоўнае, чаго дамагаецца Нямеччына і Эўразьвяз — свабодныя і сумленныя выбары, вызваленьне палітвязьняў, і допуск незалежных назіральнікаў ад АБСЭ.
«Калі ўсе гэтыя патрабаваньні ня будуць выкананыя, трэба будзе задумацца аб адмене візавага пагадненьня, а таксама, верагодна, і аб увядзеньні санкцый».
Прадстаўніку Віктара Бабарыкі не далі пазнаёміцца з матэрыяламі падліку подпісаў
Ільля Салей, адвакат і прадстаўнік перадвыбарнага штабу Віктара Бабарыкі, атрымаў адмову на просьбу пераканацца ў карэктнасьці забракаваных подпісаў за прэтэндэнта на найвышэйшую пасаду.
«У парушэньне прынцыпу адкрытасьці і галоснасьці выбарчага працэсу, прадугледжанага арт. 13 Выбарчага кодэксу, мне было афіцыйна адмоўлена ў магчымасьці прысутнічаць на паседжаньні Менскай абласной выбарчай камісіі і азнаёміцца з матэрыяламі праверкі подпісаў выбарнікаў па Менскай вобласьці ў інтарэсах захаваньня выбарчых правоў грамадзянаў», — паведаміў Ільля Салей.
Юрыст таксама адзначае: у адпаведнасьці з афіцыйна апублікаваным адказам Цэнтарвыбаркаму на звароты, якія носяць масавы характар, асоба, якая вылучаецца кандыдатам у прэзыдэнты, мае права знаёміцца з матэрыяламі праверкі дакумэнтаў, неабходных для рэгістрацыі. Віктар Бабарыка знаходзіцца ў зьняволеньні ад 18 чэрвеня, адпаведна, гэта могуць зрабіць упаўнаважаныя на тое асобы.
Беларусы пікетавалі амбасаду ў Парыжы і сьпявалі «Bella ciao»
Каля 60 чалавек сабраліся 1 чэрвеня каля амбасады Беларусі ў Парыжы на акцыю супраць палітычных рэпрэсіяў.
Яны трымалі плякаты за свабодныя выбары і вызваленьне патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, блогераў Сяргея Ціханоўскага і Ігара Лосіка, а таксама іншых зьняволеных у Беларусі, сьпявалі італьянскую паўстанцкую песьню «Bella ciao» ў перакладзе на беларускую мову.
«Bella Ciao» сьпяваў па-беларуску француз Габрыэль, які заве сябе Гаўрусём. На акцыі таксама выступаў сьвятар праваслаўнай царквы айцец Антон.
Назіральнікаў ад АБСЭ на выбары ў Беларусь дагэтуль не запрасілі, усё яшчэ абяцаюць
Кіраўніца Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Інгіб'ёрг Соўлрун Гістладоўтыр заклапочаная тым, што арганізацыя да гэтага часу не атрымала запрашэньня назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі.
«Поўная ацэнка выбарчага працэсу залежыць ад нашай здольнасьці адправіць назіральнікаў як мага раней», — кажа Інгіб'ёрг Соўлрун Гістладоўтыр.
Яна таксама адзначыла, што падзяляе заклапочанасьць, якую 1 ліпеня ў адмысловай заяве выказала група экспэртаў ААН. У прыватнасьці, спэцыялісты заклікаюць улады Беларусі ўстрымацца ад гвалту супраць мірных дэманстрантаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, адмовіцца ад палітыкі адвольных арыштаў, гвалту і запалохваньня ў дачыненьні актывістаў грамадзянскай супольнасьці.
На дапамогу рэпрэсаваным у Беларусі сабралі ўжо больш за $100 тысяч
Збор кампаніі BY_help за шэсьць дзён прайшоў бар’ер 100 тысяч даляраў, паведаміў мэдыякансультант Аляксей Лявончык, які запусьціў у фэйсбуку краўдфандынг для падтрымкі сямей затрыманых па палітычных справах беларусаў.
Усе сабраныя сродкі маюць пайсьці на аплату штрафаў і адвакатаў затрыманых, сказана ў апісаньні краўдфандынгу.
Дзе ў Менску дазволілі агітаваць перад прэзыдэнцкімі выбарамі. ФОТА
Менскі гарвыканкам 25 чэрвеня вызначыў месцы для правядзеньня перадвыбарчай агітацыі на сьвежым паветры. На ўсю сталіцу іх шэсьць. І гэта далёка ня самыя людныя мясьціны гораду. У Кастрычніцкім, Партызанскім і Першамайскім раёнах месцаў для вулічнай агітацыі на прэзыдэнцкіх выбарах увогуле няма. Свабода прапануе паглядзець, дзе можна агітаваць на сёлетніх выбарах.
ЦВК абяцае паказаць забракаваныя подпісы. Але толькі самому прэтэндэнту
Рэкардсмэны па «забракаваных» подпісах — Віктар Бабарыка і Валер Цапкала. Ганьне Канапацкай і Сяргею Чэрачню ЦВК залічыла амаль на траціну больш подпісаў, чым тыя лічбы, якія называлі самі прэтэндэнты.
Свабода высьвятляла, як такое магло адбыцца. І даведалася, што скаргі штабу Віктара Бабарыкі ЦВК можа не разглядаць, бо ён у СІЗА, а з вынікамі праверкі мае права азнаёміцца толькі прэтэндэнт асабіста. «Што тычыцца зваротаў грамадзян, якія лічаць, што іх подпісы прызнаныя несапраўднымі, заканадаўча працэдура не прадугледжаная. Камісія не абавязаная шукаць ваш подпіс», — сказалі ў ЦВК. Чытайце матэрыял па спасылцы.
«Была каманда затрымліваць усіх датычных». У Горадні асудзілі каардынатара ініцыятыўнай групы Ціханоўскай
Зборшчыка подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую Зьмітра Фурманава, якога затрымалі на пікеце разам з крэслам, асудзілі за непадпарадкаваньне міліцыі. Гэта ўжо шосты фігурант крымінальнай «справы Ціханоўскага», якога асудзілі паводле адміністрацыйнай справы. Зьміцер Фурманаў 29 траўня на Савецкай плошчы зьбіраў подпісы за патэнцыйную кандыдатку ў прэзыдэнты, калі яго затрымалі. Рэпартаж з суду чытайце па спасылцы.
Канапацкая пра лічбы ад ЦВК і рэпрэсіі. УЖЫВУЮ
Прэтэндэнтка на пасаду прэзыдэнта Ганна Канапацкая ў жывым эфіры адказвае на пытаньні Свабоды пра лічбы ад Цэнтральнай выбарчай камісіі, шанцы на рэгістрацыю, эфэктыўнасьць розных паліттэхналёгій, імавернасьць аб’яднаньня патэнцыйных кандыдатаў і рэпрэсіі супраць удзельнікаў кампаніі.
«За Лукашэнку падпісаўся? — Ня буду». Трэнэр Унівэрсытэту фізкультуры звальняецца з працы
Трэнэру з Унівэрсытэту фізычнай культуры Сяргею Шабанаву сказалі шукаць працу, бо скарачаецца стаўка. Сяргей мяркуе, што ўнівэрсытэту не даспадобы ягоныя палітычныя погляды. Але ягоны начальнік гэта абвяргае.
Сяргей Шабанаў у размове з Радыё Свабода адразу заўважыў, што пра ягонае вальнадумства ва ўнівэрсытэце ведалі даўно. Пра верагоднае звальненьне першы раз загаварылі тры месяцы таму. Збор подпісаў, мяркуе трэнэр, стаў пунктам невяртаньня. Чытайце інтэрвію па спасылцы.
У 85% выбаркамаў Фрунзэнскага раёну 9 і больш сябраў камісіі — працавалі і на парлямэнцкіх выбарах 2019 году
Назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксей Лойка параўнаў склады ўчастковых выбарчых камісій Фрунзенскага раёну Менску падчас парлямэнцкай кампаніі восеньню 2019 году і сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі.
Сярод 122 участковых выбарчых камісій Фрунзенскага раёну 85% выбаркамаў на выбарах прэзыдэнта паводле складу ад 9 і больш чалавек супадаюць са складам выбаркамаў на парлямэнцкіх выбарах 2019 году, а менавіта:
- 16% — супадаюць 13 з 13 чалавек
- 20% — супадаюць 12 з 13 чалавек
- 20% — супадаюць 11 з 13 чалавек
- 23% — супадаюць 10 з 13 чалавек
- 6% — супадаюць 9 з 13 чалавек
- 15% — выбаркамы, якія не супадаюць больш чым на 8 сябраў камісіі