Намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Кадлубай патлумачыў, як сёлета сярэднія школы павінны выпускаць 11-клясьнікаў.
У рэкамэндацыі на сайце ведамства ён нагадвае, што правядзеньне масавых імпрэз абмежаванае празь нездавальняючую эпідэмічную сытуацыю. Адпаведна, па завяршэньні навучальнага году неабходна абмежавацца уручэньнем атэстатаў ва ўрачыстай атмасфэры. Пажаданыя даты — 10-11 чэрвеня.
Пры гэтым канчатковы фармат урачыстасьцяў застаецца за кіраўніцтвам кожнай канкрэтнай установы адукацыі і бацькоўскімі камітэтамі. Але ў любым выпадку яго неабходна ўзгадніць зь мясцовымі ўладамі.
Менскі гарвыканкам ужо вырашыў адмовіцца ад выпускных вечарынаў. 10 чэрвеня сталічным школьнікам уручаць атэстаты, але звыклых забаўляльных імпрэзаў пасьля гэтага ня будзе.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ