Сёлета каранавірус перакрэсьлівае ня толькі пляны на летнія адпачынкі. Ён бязьлітасна перафарматуе і доўгачаканыя сьвяты для выпускнікоў школ і гімназій — апошнія званкі і выпускныя балі. Імпрэзы павінны прайсьці сьціпла, бяз масавага зграмаджэньня людзей, з захаваньнем дыстанцыі.
Яшчэ на пачатку красавіка міністар адукацыі Ігар Карпенка падпісаў загад № 270 «Аб правядзеньні мерапрыемстваў».
Апошнія званкі ў Менску пройдуць 29 траўня, у рэгіёнах — 30 траўня, выпускныя — 10 і 11 чэрвеня. Даты правядзеньня з таго часу не мяняліся, у адрозьненьне ад ЦТ, якое перанесьлі на два тыдні пазьней (пачатак 25 чэрвеня замест 13-га). Аднак фарматы імпрэзаў істотна зьменяцца — з улікам складанай эпідэміялягічнай сытуацыі.
«Толькі ўручэньне атэстатаў. Выпускнога балю ня будзе»
Загадчыца аднаго з раённых аддзелаў адукацыі Менскай вобласьці расказала, што канкрэтных указаньняў, у якім фармаце праводзіць мерапрыемствы, зь Міністэрства адукацыі няма. Наадварот, пастаянна просяць прапановы «зьнізу». Адзінае, што дакладна, — пераносу тэрмінаў ня будзе. Апошнія званкі ў раёне адбудуцца 30 траўня, выпускныя — 10 чэрвеня.
«Ужо, можа, пяты раз Мінадукацыі патрабуе прапановы, ставячы ўмовы: выключыць масавае наведваньне лінеек ды іншых урачыстасьцяў. То бок апошнія званкі адбудуцца толькі для 9-х і 11-х клясаў, без удзелу астатніх школьнікаў і бацькоў.
Першаклясьніцы зь белым бантам і званочкам на плячах у выпускніка таксама ня будзе. Правядзем урачыстыя лінейкі ў школьных дварах, на сьвежым паветры», — кажа супрацоўніца аддзелу адукацыі.
Уручаць атэстаты будуць асобна кожнай выпускной клясе, не запрашаючы бацькоў і гасьцей. Адміністрацыі школ мусяць разьмежаваць урачыстыя цырымоніі па часе. Да прыкладу, 11 «А» прыходзіць а 18-й, 11 «Б» — а 20-й гадзіне, каб не было масавага зграмаджэньня людзей.
«А вось традыцыйных выпускных баляў з сустрэчай сьвітанку ня будзе. Так што сёлета прыгожых сукенак дзяўчаты могуць ня шыць і фрызуры ў салёнах прыгажосьці не замаўляць», — сказала загадчыца аддзелу адукацыі.
Ліцэй БДУ: апошні званок — онлайн, выпускны — 25 ліпеня
Ліцэй БДУ заўсёды славіцца незвычайнымі сьвятамі, арыгінальнымі імпрэзамі. Аднак ужо з пачатку сакавіка навучальны працэс праходзіць дыстанцыйна, а ўсе астатнія мерапрыемствы — у рэжыме онлайн: і бацькоўскія сходы, і нават «дзень адчыненых дзьвярэй», дзе было больш за 1,5 тысячы ўдзельнікаў.
«Апошні званок мы сёлета праводзім у онлайн-фармаце. Але некаторыя элемэнты захаваем. Да прыкладу, у нас ёсьць такая традыцыя: кожны выпускнік атрымлівае марозіва. Мы паспрабуем зрабіць дастаўку да дзьвярэй кожнага выпускніка. Адначасова будзе онлайн-трансьляцыя.
Будуць гульні. Не пагуляем у футбол зь дзецьмі — пагуляем онлайн у што-небудзь. Зробім так, каб было што ўспомніць. І самае галоўнае — усё гэта захаваецца, можна пераглядаць колькі заўгодна разоў», — кажа дырэктар Ліцэю БДУ Ігар Варакса.
А выпускныя падзеляць на дзьве часткі: урачыстую і сьвяточную. Урачыстая частка пройдзе ў ліцэі 10 чэрвеня — выпускнікам уручаць атэстаты.
«А што да сьвяточнай часткі, мы яе перасунулі на 25 ліпеня. Пасьля іспытаў, ЦТ і ўступнай кампаніі зьбяромся ўсе і адзначым разам і выпуск, і паступленьне. Я мяркую, усё ў нас атрымаецца», — перакананы дырэктар Ліцэю БДУ.
У ваўкавыскай школе № 8 урачыстасьці пакуль не адмянілі
Усяго ў школе 20 выпускнікоў. Літаральна за пару тыдняў да пандэміі, пры канцы лютага ў школе пасьпелі правесьці «стаднёўку» — прыгожае сьвята за 100 дзён да выпускнога з запрашэньнем шматлікіх гасьцей, сказала дырэктарка школы Галіна Булай.
«Рыхтуемся і да апошняга званка, і да выпускнога. Можа, зь меншай колькасьцю запрошаных — усю школу ня будзем запрашаць. Але ўсё правядзем урачыста і прыгожа. Лінейку і апошні званок у двары — у нас вельмі прыгожая тэрыторыя. Наконт выпускнога балю з сустрэчай сьвітанку пакуль нічога сказаць не магу — будуць вырашаць бацькі. Але на ўсялякі выпадак і да балю рыхтуемся.
Пакуль галоўнае — здаць іспыты і ЦТ. Дарэчы, першыя іспыты па польскай мове ў нас ужо 20 і 21 траўня», — кажа Галіна Булай.
«Для некаторых дзяцей тое, што ня будзе выпускнога балю, — гэта трагедыя»
Тацяна, маці выпускніцы слуцкай школы № 6 Кацярыны, кажа: яе дачка яшчэ на пачатку навучальнага году заявіла, што на выпускны яна ня пойдзе, проста забярэ ў дырэктара атэстат. Кацярына лічыць, што з аднаклясьнікамі лепш сустрэцца пасьля паступленьня. А маці цікавіцца апошнімі школьнымі імпрэзамі і кантактуе зь іншымі бацькамі выпускнікоў.
«Я ведаю, што для некаторых дзяцей тое, што ня будзе выпускнога, разьвітаньня зь дзяцінствам, — гэта трагедыя. У бацькоўскім чаце гэта горача абмяркоўваецца. Бо яшчэ на пачатку году бацькі пачынаюць рыхтавацца да выпускнога. Цяпер усе пляны рухнулі, нічога не вядома. Нічога не вядома і пра апошні званок.
У нас ёсьць адна маці, якая кіруе ўзорным калектывам Палаца культуры. І меркавалі выпускны правесьці там — вялікая заля ў цэнтры, побач са школай. Там, дарэчы, можна было і рассадку на адлегласьці зрабіць — заля на 550 чалавек, а ў дзьвюх клясах вучняў нават з бацькамі значна менш. Але пакуль усе ў трывожным чаканьні і спадзяюцца на цуд», — кажа спадарыня Тацяна.
«Калі ня будзе выпускнога балю, вальс станцуем на „апошнім званку“»
Выпускнікі сталічнай сярэдняй школы № 4 таксама ўсё яшчэ спадзяюцца на ўрачыстасьці. І на ўсялякі выпадак у актавай залі рэпэтуюць вальс.
«Калі ня будзе выпускнога балю, вальс станцуем на „апошнім званку“ — яго дакладна не адменяць. Я так марыла пра выпускны, пра прыгожую сукенку! Хацела паступаць у каледж пасьля 9-й клясы, але менавіта выпускны баль мяне спыніў. У нас школа ў цэнтры, побач парк Горкага, і выпускнікі звычайна ідуць у парк на набярэжную сустракаць сьвітанак. Мне заўсёды здавалася, што гэта так рамантычна. Цяпер нават ня ведаю...» — расчаравана кажа выпускніца Мая.