Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк Беларусі пагоршыў прагноз інфляцыі на 2020 год


Нацыянальны банк Беларусі прагназуе інфляцыю па выніках 2020 году ў дыяпазоне 5–6%, паведаміў 13 траўня на брыфінгу старшыня праўленьня Нацбанку Павал Калаўр, якога цытуе БелТА.

«Паскарэньне росту цэнаў, якое адбылося ў I квартале, будзе адбівацца на гадавой інфляцыі на працягу ўсяго бягучага году. Па выніках 2020 году яна прагназуецца ў дыяпазоне 5–6%», — сказаў Павал Калаўр.

Паводле яго, цяперашняе паскарэньне росту цэнаў — часовае. Чакаецца, што ў ІІ паўгодзьдзі тэмпы іх росту запаволяцца і вернуцца да ўзроўню канца 2019 году, а на пачатку 2021 году гадавыя тэмпы росту цэнаў ня будуць перавышаць 5%.

Паскарэньне інфляцыі ў I квартале Нацбанк тлумачыць зьнешнімі фактарамі: на фоне зьніжэньня ўсясьветных цэнаў на нафту і курсу расейскага рубля адбылося аслабленьне беларускага рубля. Ва ўмовах пандэміі каранавірусу і ўвядзеньня за мяжой карантынных захадаў у Беларусі павысіўся попыт на прадукты харчаваньня працяглага захоўваньня і тавары першай неабходнасьці. Пагоршыліся эканамічныя настроі, вырасьлі інфляцыйныя чаканьні.

Эканаміст: інфляцыя будзе вышэй, чым 5-6%

Заяву старшыні Нацбанку Свабодзе пракамэнтаваў эканаміст Леанід Злотнікаў. На яго думку, інфляцыя па выніках 2020 году будзе вышэй, чым прагназуе Нацбанк.

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

«Ня думаю, што інфляцыя застанецца ў межах 5-6%, яна будзе вышэй, але якой — сказаць сёньня складана.

Стаўка рэфінансаваньня зьніжаная для таго, каб дапамагчы прадпрыемствам, каб яны змаглі браць крэдыты крыху таньней у гэты складаны час. Але тут гэтая доля працэнту нічога ня вырашыць, нашым прадпрыемствам дапамагчы немагчыма, нават калі прапанаваць ім крэдыты пад 8%, крэдыты павінны быць значна таньней, бо эканоміка прадпрыемстваў у цяжкім становішчы», — лічыць Злотнікаў.

Паводле ранейшых плянаў ураду, інфляцыя па выніках 2020 году не павінна была перавысіць 5%. Па выніках 2019 году інфляцыя нават адстала ад росту сярэдніх налічаных заробкаў — 4,7% (заробкі за год вырасьлі на 5,5%).

З пачатку 2020 году інфляцыя ў Беларусі склала 3,3%.

Міжнародны валютны фонд чакае, што сярэднегадавая інфляцыя ў Беларусі ў 2020–2021 гадах складзе 5,6%. Таксама ў сярэдзіне красавіка МВФ прагназаваў падзеньне беларускай эканомікі ў 2020 годзе на 6%. Прагназуе паскарэньне інфляцыі ў Беларусі ў найбліжэйшыя месяцы і Эўразійскі банк.

13 траўня Нацбанк зьнізіў стаўку рэфінансаваньня з 20 траўня да 8% гадавых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG