18 траўня Эстонія спыняе авіязносіны з краінамі, дзе высокая рызыка заражэньня COVID-19, у тым ліку зь Беларусьсю. Ці ёсьць небясьпека, што Эўропа яшчэ доўга не адкрые свае межы для беларусаў? Разьбіраемся з экспэртамі.
Да 7 чэрвеня Эстонія спыніла авіязносіны з краінамі з высокай рызыкай заражэньня COVID-19. Забарона тычыцца Беларусі, Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Даніі, Расеі, Турэччыны, Швэцыі.
«Межы для Беларусі могуць не адкрыць»
Эўропа паступова пачынае адкрываць свае межы. Нямеччына адкрыла мяжу зь Люксэмбургам, з 3 чэрвеня Італія адкрывае межы для турыстаў з ЭЗ. Але ці можа стацца так, што беларусаў на фоне адкрыцьця межаў нікуды пускаць ня будуць з прычыны высокай колькасьці выпадкаў каранавірусу?
«На падставе клопату пра грамадзкае здароўе такі варыянт цалкам магчымы. Прычым ня толькі з боку ЭЗ, а і з боку іншых краін. Верагоднасьць ёсьць, гэта бачна з дынамікі разьвіцьця эпідэміі. Празь некалькі дзён Беларусь можа ўвайсьці ў дзясятку эўрапейскіх краін па колькасьці захворваньняў і на душу насельніцтва, і ў абсалютным вымярэньні, калі ня браць мікрадзяржавы, — кажа Андрэй Елісееў, дырэктар EAST Center, кіраўнік аддзелу маніторынгу Міжнароднай стратэгічнай сеткі дзеяньняў для бясьпекі (iSANS).
«Нас ня лічаць пэрсонай нон-грата»
Паводле рэдактара парталу toursoyuz.by Ліліі Кобзік, пакуль няма зьвестак, што пасьля пандэміі эўрапейскія краіны маюць закрыцца ад беларусаў.
«Ёсьць сыгналы, што, нягледзячы на ўсе нашы апасеньні, асяродкам эпідэміі нас ня лічаць. Пакуль ёсьць інфармацыя, што Альбанія ад пачатку чэрвеня гатовая прымаць беларусаў. Здаецца, Турэччына гатовая прымаць беларусаў зь сярэдзіны чэрвеня ці зь ліпеня. Грэцыя выставіла ўсім пэўныя ўмовы: даведка аб адсутнасьці каранавірусу і двухбаковае пагадненьне паміж краінамі аб узаемным абмене турыстамі. Пакуль ёсьць толькі заява эстонскіх уладаў. Пакуль няма сыгналаў, што нас лічаць нейкім чумным баракам, а нашых турыстаў ня хочуць бачыць за мяжой», — кажа Лілія Кобзік.
Авіязносіны паміж Менскам і эўрапейскімі краінамі ёсьць і цяпер. У прыватнасьці, засталіся ці аднавіліся зносіны з Амстэрдамам, Бэрлінам, Венай, Ерэванам, Жэнэвай, Лёнданам, Мілянам, Прагай, Рымам, Мюнхэнам, Тэль-Авівам, Тбілісі, Парыжам, Стакгольмам, Франкфуртам, Хэльсынкі.