Мастацкую стужку «Купала» паспрабуюць заявіць на адзін з кiнафорумаў — у Вэнэцыi, Сан-Сэбаст'яне ці Таронта, сказаў у інтэрвію газэце «Звязда» гендырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімер Карачэўскі.
«Прыём заявак яшчэ не завершаны — можа быць, сусьветная прэм’ера „Купалы“ адбудзецца на адным з гэтым форумаў», — ня выключыў ён.
Фільм зьняў рэжысэр Уладзімер Янкоўскі, ён жа суаўтар сцэнару разам з Аленай Калюновай і Аляксандрай Барысавай.
У адказ на пытаньне пра незадаволенасць грамадзкасьці ў зьвязку з тым, што гатовую працу пра беларускага песьняра Янку Купалу дагэтуль не паказваюць у Беларусi, Уладзімер Карачэўскі параіў нічога не дадумваць.
«Я даўно сказаў: мы плянуем адправiць фiльм на фэстывалi, а ўжо пасьля, у другой палове 2020 году, паказаць у Беларусi. Нiхто не абяцаў раней. А фiльм мiж тым пачалi зьмешваць зь нейкiмi палiтычнымi кампанiямi».
Пры гэтым ён прызнаў, што адпачатку публiчны паказ «Купалы» плянаваўся яшчэ летась у сьнежнi.
«Так, для кiнасуполкi — на Дзень беларускага кiно. Але не пасьпелi дарабiць кампутарную графiку, а паказваць абы-як не хацелi, бо фiльм для нас сапраўды знакавы. Потым мы пагаварылi з тымi, хто займаецца фэстывалямi, i вырашылi, што зробiм паказ ужо непасрэдна перад прэм’ерай — цяпер паказваць „Купалу“ няма сэнсу».
Калi скончылася рэканструкцыя «Беларусьфільму», вялася гаворка, што цяпер тут можна будзе рабiць поўны цыкль кінавытворчасьцi. Але «Купалу» агучвалi ў Чэхіі.
«Тон-студыя была, але абсталяваньне не адпавядала патрабаваньням. Таму часткова за нашыя грошы, часткова пры падтрымцы бюджэту было закупленае новае. Да апошняга iшла настройка, але праз каранавiрус спэцыялiсты былi вымушаныя зьехаць, таму яшчэ трэба даналадзіць студыю i атрымаць лiцэнзiю. Адпаведна, „Купалу“ мы вывезьлi ў Прагу», — патлумачыў «Звяздзе» Ўладзімер Карачэўскі.