Як паведамляе тэлеканал Riga TV-24, узгоднены праект новага помніка ў латвійскай сталіцы. Ён будзе прысьвечаны лекарам, якія супрацьстаяць каранавіруснай навале.
Над манумэнтальным увасабленьнем вобразаў мэдыкаў працуе творчая група пад кіраўніцтвам скульптара, прафэсара Латвійскай мастацкай акадэміі Айгара Бікшэ.
Мяркуецца, што мэмарыяльны аб’ект будзе прэзэнтаваны ў сьвята летняга сонцастаяньня Ліга, які латышы адзначаюць у ноч з 23 на 24 чэрвеня.
Дзякуючы карантынным захадам, Латвіі ўдалося пазьбегнуць значнага распаўсюду хваробы. Краіна адной зь першых у Эўропе ўвяла рэжым надзвычайнага становішча: навучаньне ў школах і ВНУ было пераведзена ў рэжым онлайн, закрыліся спартыўныя сэкцыі і забароненыя масавыя зборы людзей.
Паводле апэратыўных дадзеных, агульная колькасьць інфікаваных за ўвесь час склала 951 чалавек, 19 памерлі. Гэта адзін з самых нізкіх паказьнікаў на кантынэнце, што дазволіла ўладам пачаць паступова здымаць ранейшыя абмежаваньні, у тым ліку адкрыць межы з суседнімі Літвой і Эстоніяй.