Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суткі, штрафы. Працягваюцца суды над удзельнікамі акцый


15 траўня, па ўсёй Беларусі працягваюцца суды над людзьмі, якія выходзілі на мясцовыя акцыі пратэсту: у падтрымку экаактывістаў Берасьця («кармленьне галубоў») і ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама над людзьмі, якія выказваліся пра сацыяльныя праблемы ў стрымах блогера Ціханоўскага, паведамляе «Вясна».

Прысуды. Коратка:

  • Васіль Курушын — 7 сутак арышту;
  • Аляксандар (прозьвішча ўдакладняецца) — штраф 1350 рублёў;
  • Аляксандар Ахрэмчук — штраф 1215 рублёў;
  • Юры Калько — штраф 810 рублёў;
  • Уладзімер Вялічкін — 810 рублёў;
  • Андрэй Каўзановіч — штраф 675 рублёў;
  • Дзьмітры Рышкевіч — штраф 540 рублёў;
  • Аляксандар Буракоў — 10 сутак арышту.

Ворша

15 траўня суд аршанскага раёну і Оршы аштрафаваў актывіста Дзьмітрыя Рышкевіча на 540 рублёў за тое, што што 18 красавіка выказаўся ў стрыме блогера Сяргея Ціханоўскага. Паводле праваабаронцы «Вясны» Ігара Казьмерчака, Рышкевіча ў ноч з 14 на 15 траўня пратрымалі ў кабінэце пастарунку ў Барані без складаньня пратаколу. Праваабаронца і Рышкевіч зьбіраюцца абскарджваць незаконныя дзеяньні міліцыянтаў.

Вялейка

У Вялейскім судзе 15 траўня пакаралі штрафам у 675 рублёў Андрэя Каўзановіча (па артыкуле 23.34 КаАП, удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве) за тое, што 20 красавіка даў інтэрвію блогеру Ціханоўскаму.

Менск

У Менску ідуць суды над над прыхільнікамі Ціханоўскага, гвалтоўна затрыманымі 6 траўня каля гандлёвага цэнтру Mile на Даўгінаўскім тракце. Тады каля 20 чалавек прыехалі на стаянку каля ГЦ, каб разам зладзіць аўтапрабег па МКАД у падтрымку затрыманага ў той дзень блогера.

15 траўня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску Вікторыя Шабуня асудзіла Аляксандра Ахрэмчука па 2 пратаколах (артыкулы 23.34 і 23.4 КаАП) агулам на 1215 рублёў.

У гэтым жа судзе на 1350 рублёў асудзілі паплечніка блогера Сяргея Ціханоўскага Аляксандра (прозьвішча высьвятляецца).

Магілёў

У судзе Кастрычніцкага раёну на 7 сутак арышту асудзілі актывіста «Народнай грамады» Васіля Курушына, якога затрымалі 14 траўня ў другой палове дня.

15 траўня ў Магілёве таксама затрымалі сябра Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Буракова.

Берасьце

У Берасьці працягваюць судзіць праціўнікаў акумулятарнага завода, якія кожную нядзелю выходзяць на цэнтральную плошчу горада на акцыю па «кармленьні галубоў».

15 траўня суд аштрафаў актывіста Юрыя Калько на 810 рублёў. Яго адпусьцілі на волю, да суду ён знаходзіўся ў ізалятары (12 траўня Калько ўжо аштрафавалі на 1080 рублёў).

810 рублёў штрафу прысудзілі праваабаронцу «Вясны» Ўладзімеру Вялічкіну, які трое сутак быў у ізалятары. Нягледзячы на тое, што праваабаронца ажыцьцяўляў маніторынг мірных сходаў, яго аштрафавалі ўжо другі раз (12 траўня Вялічкіна аштрафавалі на 1350 рублёў).

Актывісту Валерыю Фамінскаму прызначылі суд на 18 траўня. Да сёньняшняга дня яго таксама трымалі ў ізалятары. У 13:00 яго вызвалілі, бо скончыўся 72-гадзінны тэрмін затрыманьня.

На пачатку траўня прайшлі пратэсы супраць правядзеньня вайсковага параду падчас пандэміі каранавірусу, якія перайшлі ў акцыі супраць зьняволеньня блогера Сяргея Ціханоўскага, які клікаў на «антыпарад». За апошнія дні затрымалі і асудзілі дзясяткі чалавек, у тым ліку журналістаў, якія асьвятлялі акцыі, а таксама актывістаў праваабарончага цэнтру «Вясна» Аляксандра Буракова, Алену Масьлюкову і Ўладзімера Вялічкіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG