Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка незадаволены, што Расея прадае Нямеччыне газ за 70 даляраў, а Беларусі — за 127


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка прыняў з дакладам прэм’ер-міністра Сяргея Румаса і пацікавіўся вынікамі працы эканомікі за чатыры месяцы 2020 году.

«Першы квартал мы аналізавалі. Красавік, зразумела, праз пэўныя абставіны, вельмі сур’ёзны быў для нашай экспартна арыентаванай эканомікі, няпросты», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Лукашэнка запытаўся ў кіраўніка ўраду, якая сытуацыя ў сфэры дзяржаўнага доўгу і як Беларусь будзе разьлічвацца? Сам Лукашэнка разьлічвае на фінансавыя паступленьні з боку міжнародных арганізацый, у першую чаргу МВФ.

«Я даручаў ураду найперш заняцца гэтымі пытаньнямі. Ну і іншыя міжнародныя банкаўскія арганізацыі, якія не супраць нас прафінансаваць у гэты час, у тым ліку ў ахове здароўя», — сказаў ён.

Напярэдадні кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі Павал Калавур заявіў, што перамовы з МВФ працягваюцца, а тэрміны дасягненьня дамоўленасьцяў пакуль неакрэсьленыя.

«Цяпер Беларусь знаходзіцца ў працэсе дыялёгу з пэрсаналам Міжнароднага валютнага фонду. Яны ацэньваюць сытуацыю, якая склалася ў Беларусі, мы параўноўваем нашыя прагнозы. Таму ідзе звычайны руцінны дыялёг», — сказаў банкір падчас онлайн-брыфінгу.

У часе размовы з прэм’ер-міністрам Аляксандар Лукашэнка акцэнтаваў увагу на яшчэ адным практычным пытаньні — цане на расейскі прыродны газ.

«Я атрымаў інфармацыю, што Расея прадае прыродны газ у Эўропе да 70 даляраў за 1000 кубамэтраў. Але ніяк не 127, як для Беларусі. Хацелася б ведаць, што да цяперашняга часу зроблена для зьніжэньня цаны. Гэта ж ня справа, я ўжо не кажу пра 75-годзьдзе Перамогі, што немцам прадаюць прыродны газ да 70 даляраў, а Беларусі — па 127», — панаракаў Лукашэнка.

Прэм’ер-міністар Сяргей Румас лічыць, што Беларусь мае вялікія шанцы дамовіцца з Расеяй аб справядлівай цане на газ. Прэмʼер падкрэсьліў, што Беларусь не вядзе гаворку аб усталяваньні нейкай ільготнай цаны на газ ці яе зьніжэньня да ўзроўню цаны для расейскіх рэгіёнаў.

«У нас ёсьць усе падставы паказаць на лічбах, што цана ў 127 даляраў па даходнасьці для „Газпрома“ перавышае даходнасьць яго паставак у краіны далёкага замежжа, — сказаў Румас, яго цытуе БелТА. ​—Беларусы хочуць справядлівай цэны, якая забясьпечвае такую ж даходнасьць для „Газпрома“, як пастаўкі на іншыя рынкі. Гэта значыць, у цане, перамовы па якой мы вядзем, няма ніякай інтэграцыйнай зьніжкі — ці то ў Саюзнай дзяржаве, ці то ў Эўразійскім эканамічным саюзе».

Паводле Румаса, на травень заплянаваныя перамовы па пытаньні цаны на прыродны газ з расейскім «Газпромам», беларускі бок будзе прадстаўляць амбасадар Уладзімер Сямашка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG