Міністэрства замежных спраў Украіны ініцыюе частковае спыненьне дзеяньня міжурадавага пагадненьня зь Беларусьсю аб бязьвізавым рэжыме паездак.
Адпаведны праект пастановы сёньня на сваім пасяджэньні разгледзіць украінскі ўрад, а зьмены набудуць моц ад 1 верасьня.
Як патлумачылі ў Міністэрстве замежных спраў Украіны, зьмены закрануць толькі правілы выезду грамадзян Украіны на тэрыторыю Беларусі:
«Гаворка ідзе аб тым, што такія паездкі ўкраінцы з 1 верасьня змогуць ажыцьцяўляць толькі на падставе замежнага пашпарта».
Дыпляматы ўдакладнілі, што згодна з нормамі міжурадавага пагадненьня кожны бок мае права цалкам або часткова спыніць дзеяньне асобнай нормы ў тым выпадку, калі гэта прадыктавана неабходнасьцю гарантаваньня бясьпекі дзяржавы. Апроч таго, заканадаўства Ўкраіны прадугледжвае, што ўкраінцы могуць выяжджаць за межы краіны на падставе замежнага (біямэтрычнага) пашпарта.
У выпадку ж зь Беларусьсю ўвесь гэты час дазваляўся выезд на падставе ўнутранага пашпарта, якім цяпер ва Ўкраіне зьяўляецца плястыкавая картка (ID-картка). Але Беларусь не прызнала яе як дакумэнт, які дазваляе ўезд і выезд, транзыт і знаходжаньне ўкраінцаў на беларускай тэрыторыі. Як вынік, Украіна вымушана была ўносіць зьмены ў правілы выезду для ўкраінцаў.
Для грамадзян Беларусі правілы ўезду ва Ўкраіну ці выезду зь яе ня зьменяцца
На сёньня памежны кантроль між Украінаю і Беларусьсю рэгулюецца пагадненьнем пра бязьвізавыя паездкі грамадзян, падпісаным у чэрвені 2009 году. Яно прадугледжвае пералік дакумэнтаў, зь якімі грамадзяне Беларусі і Ўкраіны маюць права ўяжджаць на тэрыторыю краінаў. У гэтым пераліку біямэтрычны пашпарт, як і абавязковае зьняцьце адбіткаў пальцаў, адсутнічае.
Згодна з артыкулам 4 гэтага пагадненьня, бакі абавязаны неадкладна інфармаваць адзін аднаго праз дыпляматычныя каналы аб увядзеньні новых дакумэнтаў або ўнясеньні зьменаў у пералік дакумэнтаў, якія выкарыстоўваюцца для ўзаемных паездак, і адначасова даслаць адзін аднаму іхныя ўзоры.
У артыкуле 6 прадугледжана, што кожная з краін мае права цалкам або часткова прыпыніць дзеяньне асобных палажэньняў пагадненьня, калі гэта неабходна для гарантаваньня бясьпекі дзяржавы, захаваньня грамадзкага парадку або аховы здароўя насельніцтва. Але пра прыняцьце такіх захадаў бакі абавязаны паведаміць адзін аднаму праз дыпляматычныя каналы.
Пагадненьне пра бязьвізавыя паездкі грамадзян Беларусі і Ўкраіны падпісана на неабмежаваны час, але кожны з бакоў можа дэнансаваць яго, паведаміўшы пра гэта другому боку ў пісьмовай форме. У такім выпадку пагадненьне страціць моц па заканчэньні 6 месяцаў з даты паведамленьня.