Міністэрства аховы здароўя плянуе правесьці ў асобных раёнах Беларусі цэнтралізаваныя дасьледаваньні для вызначэньня праслойкі, імуннай да COVID-19, паведаміў міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік, піша БелТА.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Па шэрагу раёнаў будзем праводзіць цэнтралізаваныя дасьледаваньні ўсіх пацыентаў, якія знаходзіліся на бальнічным лісьце ў апошнія два месяцы з нагоды рэсьпіраторных інфэкцый», — сказаў Каранік.
Дасьледаваньні пастараюцца правесьці максымальна апэратыўна, для іх плянуюць выкарыстоўваць экспрэс-тэсты на антыцелы да COVID-19, якія маюць хутка прыбыць з Кітаю. Спачатку тэсты разьмяркуюць па мэдычных установах, пасьля гэтага дадуць магчымасьць праходзіць тэставаньне ўсім ахвотным. У некаторых раёнах гэта будзе цэнтралізавана.
Пры наяўнасьці падазрэньняў, зьвязаных зь перанесеным у лёгкай форме захворваньнем, можна будзе прайсьці тэставаньне, каб пацьвердзіць іх ці абвергнуць, патлумачыў міністар.
Як адзначыў Уладзімер Каранік, нельга выключаць верагоднасьць другой хвалі захворваньня на каранавірус у асеньне-зімовы пэрыяд.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ