Больш за 100 лекараў, мэдычных працаўнікоў і спэцыялістаў у галіне аховы здароўя з усяго сьвету заклікалі Facebook, Google і Twitter заняць больш жорсткую пазыцыю да дэзінфармацыі, якая распаўсюджваецца аб пандэміі каранавірусу.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Поўны тэкст адкрытага ліста разьмешчаны на анлайн-плятформе глябальнай грамадзкай арганізацыі Avaaz. У пятніцу, 8 траўня, зварот мае быць апублікавана на старонках газэты The New York Times.
«Наша задача — гарантаваць бясьпеку людзей. У цяперашні час мы, аднак, маем справу ня толькі з пандэміяй COVID-19, але і з сусьветнай „інфадэміяй“, пры якой дэзінфармацыя, якая распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках, ставіць пад пагрозу жыцьцё людзей па ўсім сьвеце», — гаворыцца ў звароце.
Некарэктная ці навукова неструктураваная інфармацыя часта распаўсюджваецца з хуткасьцю ляснога пажару, яна можа спрыяць «перадачы непатрэбных страхаў і нанесьці шкоду», лічыць адзін з аўтараў ліста, вірусоляг зь Нямеччыны Мэляні Брынкман.
У якасьці прыкладаў падобнай дэзінфармацыі яна назвала ілжывыя паведамленьні аб агрэсіўных мутацыя новага каранавірусу або зьяўленьні цудадзейных лекавых сродкаў ад COVID-19, паведамляе DW.
На сёньняшні дзень каранавірусам заразіліся каля 3,9 мільёна чалавек у 217 краінах сьвету, больш за 270 тысяч хворых памерлі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ