У Гомлі 5 траўня памерла 36-гадовая загадчыца дзіцячага садка № 130. У яе, паводле неафіцыйных зьвестак, былі каранавірус і пнэўманія. Жанчына знаходзілася на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Свабода пагутарыла на ўмовах ананімнасьці з рознымі супрацоўнікамі садку, дзе працавала нябожчыца. Яны паведамілі, што ім забаранілі даваць інфармацыю пра сьмерць загадчыцы пад пагрозай звальненьня. Садок яшчэ працягваў працаваць раніцай 6 траўня. Дзеці ў садку былі, але няшмат. Адна з тэхнічных супрацоўніц апрацоўвала дзьверы і калідор дэзынфікцыйным сродкам.
Паводле супрацоўнікаў садка, каля дзесяці дзён таму загадчыца трапіла ў сухотны шпіталь з пнэўманіяй. Яна жыла з бацькамі-пэнсіянэрамі, мужа і дзяцей у яе не было. Пазьней у шпіталь трапіў і яе бацька, затым маці. Супрацоўнікі садка пацьвердзілі нам, што загадчыца памерла. Паводле іх, пасьля шпіталізацыі яна патэлефанавала ў садок і паведаміла, што ў яе пацьвердзілі каранавірус.
«Мы ў шоку, ня можам у гэта паверыць! Яна была маладая, прыгожая, яна была вельмі добрым, пазытыўным чалавекам, часта жартавала. Такіх начальнікаў яшчэ было пашукаць», — зазначылі супрацоўнікі садка. Наш карэспандэнт папрасіў праз тэхнічны пэрсанал садка выйсьці прадстаўнікоў адміністрацыі. На ганак выйшла жанчына ў масцы з заплаканымі вачыма і сказала, што ніхто нічога камэнтаваць ня будзе. «Гэта вялікая трагедыя і страта», — паведаміла яна.
Ці яшчэ нехта захварэў у садку, супрацоўнікі ня ведаюць.
На момант выхаду публікацыі Свабодзе не ўдалося атрымаць камэнтару у адміністрацыі Цэнтральнага раёну Гомля.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ