Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хто будзе выконваць, вам ня трэба ведаць». Салют на 9 траўня адбудзецца


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

9 траўня адзначэньне ў Менску 75-годзьдзя перамогі ў Другой усясьветнай вайне завершыцца фаервэркам, які пачнецца а 23-й гадзіне. Фаервэрк будзе запушчаны з 8 агнявых пунктаў.

Працэс у справе сьмерці на салюце 3 ліпеня 2019 году дагэтуль не аднавіўся.

Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіў намесьнік начальніка ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму Аляксандар Шастакоў.

Падрабязнасьцяў чыноўнік не паведаміў. Якая арганізацыя будзе непасрэдна выконваць запуск фаервэрку, Шастакоў не ўдакладніў.

«Скажу так, што гэта даручана Менгарвыканкаму, а хто ўжо будзе выконваць, вам ня трэба ведаць», — сказаў Аляксандар Шастакоў і пераадрасаваў іншыя пытаньні пра фаервэрк у прэсавую службу Менгарвыканкаму. Між тым атрымаць там больш інфармацыі пакуль не ўдалося, бо на запыт адказ не прыйшоў.

У прэсавай службе Міністэрства абароны сказалі, што за сьвяточны фаервэрк 9 траўня міністэрства не адказвае. «Фаерверк сёлета арганізуе горад», — сказала прэсавы сакратар Натальля Гаўрусік.

Летась падчас фаервэрку 3 ліпеня адбылася трагедыя: у выніку адвольных выбухаў зарадаў на дзьвюх устаноўках пацярпелі 10 чалавек, адна жанчына загінула.

Больш за месяц таму, 2 красавіка 2020 году, у Маскоўскім раённым судзе Менску пачаўся працэс па справе аб выбуху фаервэркаў на сьвяточным салюце ў Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня 2019 году. У справе трое абвінавачаных. Гэта грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, супрацоўнікі фірмы «Пиро-Росс» Канстанцін Дзянісаў і Максіміліян Сапронаў, а таксама беларускі вайсковец Аляксей Круглік, які камандаваў патрульнай ротай Менскага гарнізону і непасрэдна кіраваў запускам фаервэркаў.

Расейцаў Сапронава і Дзянісава абвінавачваюць у парушэньні правілаў абыходжаньня зь піратэхнічнымі вырабамі, у выніку чаго загінуў чалавек. Ім пагражае да 7 гадоў зьняволеньня. Сваёй віны яны не прызнаюць. Старшаму лейтэнанту Кругліку за парушэньне правілаў абыходжаньня зь небясьпечнымі прадметамі пагражае да 5 гадоў зьняволеньня. Віну ён прызнае часткова. Аляксей Круглік прыходзіць у суд сам, астатніх падсудных трымаюць пад вартай.

У той жа дзень, 4 красавіка, працэс прыпынілі з прычыны адсутнасьці некаторых працэсуальных дакумэнтаў у пацярпелых. Суд дагэтуль не аднавіўся. 5 траўня ў Маскоўскім раённым судзе карэспандэнту Свабоды сказалі, што дзень, калі аднавіцца працэс, яшчэ не прызначаны.

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG