Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зарады выглядалі як старыя». У справе аб сьмерці на салюце падсудныя з Расеі не прызнаюць віны


Падсудныя грамадзяне Расеі Максіміліян Сапронаў (зьлева) і Канстанцін Дзянісаў. Менск, 2 красавіка 2020 году
Падсудныя грамадзяне Расеі Максіміліян Сапронаў (зьлева) і Канстанцін Дзянісаў. Менск, 2 красавіка 2020 году

2 красавіка ў Маскоўскім раённым судзе Менску пачаўся працэс па справе аб выбуху фаервэркаў на сьвяточным салюце ў Дзень незалежнасьці 3 ліпеня 2019 году. Тады падчас вечаровага салюту ад аскепкаў загінула мянчанка, яшчэ 10 чалавек былі параненыя ці атрымалі лёгкія пашкоджаньні.

У справе трое абвінавачаных. Гэта грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі Канстанцін Дзянісаў і Максіміліян Сапронаў ды беларус Аляксей Круглік, які камандаваў патрульнай ротай Менскага гарнізону.

Абодва расейцы працуюць інжынэрамі ў расейскай фірме «Пиро-Росс», якая прадала Міністэрству абароны Беларусі ўстаноўкі для запуску салютаў і фаервэркі да іх, выкарыстаныя 3 ліпеня 2019 году.

Сапронава і Дзянісава абвінавачваюць у парушэньні правілаў абыходжаньня зь піратэхнічнымі вырабамі, у выніку чаго загінуў чалавек. Ім пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.

Пракурор
Пракурор

Аляксей Круглік абвінавачваецца паводле 2 часткі 463 артыкула. Гэта артыкул пра адказнасьць за парушэньне правіл абыходжаньня з прадметамі, якія ўяўляюць асаблівую небясьпеку. Старшаму лейтэнанту Ўзброеных сіл Беларусі пагражае 5 гадоў зьняволеньня.

Аляксей Круглік прыходзіць на працэс сам, расейцаў трымаюць у жалезнай клетцы. З 4 ліпеня мінулага году яны пад вартай. На працэс з прычыны карантыну ў Расеі не змаглі прыехаць іх сваякі і сябры.

Што сьцьвярджае сьледзтва

Як стала вядома з абвінавачаньня, якое зачытаў пракурор, падчас сьвяточнага салюту 3 ліпеня 2019 году былі задзейнічаныя 8 ствалавых установак для запуску салюту вытворчасьці расейскай фірмы «Пиро-Росс». Гэтыя ўстаноўкі запускалі фаервэркі з 6 пазыцый.

Паводле абвінавачаньня, напярэдадні частку зарадаў калібру 195 прызналі бракам, бо іх дыямэтар аказаўся большы за патрэбны.

Каб выправіць недахопы, Дзянісаў і Сапронаў, паводле сьледзтва, дасталі гэтыя зарады, разабралі, паправілі мэханічным спосабам — абрэзалі нажамі да патрэбнага дыямэтру — і выкарысталі для салюту.

Максіміліян Сапронаў
Максіміліян Сапронаў

Паводле сьледзтва, Дзянісаў, Сапронаў, а таксама Круглік, які адказваў за падрыхтоўку зарадаў да салюту, парушылі службовыя інструкцыі і нормы абслугоўваньня ўстановак.

Падчас салюту 3 ліпеня 2019 году з 4 установак адбыліся пускі бракаванымі фаервэркамі, якія выбухнулі ў ствалах, што прывяло да разбурэньня ствалоў і выкіду аскепкаў, якія прычынілі шкоду грамадзянам.

Найбольш пацярпелі тыя, хто аказаўся на набярэжнай Сьвіслачы побач з вуліцай Даўмана. Там загінула мянчанка Максімчук, якой аскепак трапіў у шыю і перабіў сонную артэрыю.

У іншых 10 пацярпелых зафіксаваныя раны жывата, грудзі, рук, ног, галавы.

Канстанцін Дзянісаў
Канстанцін Дзянісаў

Пацярпеў мянчук, які ў момант салюту ехаў міма на аўтамабілі. Кіроўца атрымаў рану пляча ды іншыя пашкоджаньні, шкло ягонага аўтамабіля было разьбіта.

Ад выбухаў фаервэркаў пацярпелі некалькі аўтамабіляў, у тым ліку транспарт дзяржаўных устаноў, а таксама маёмасьць камэрцыйных фірмаў і дзяржаўных арганізацый.

Усяго сьледзтва налічыла стратаў больш як на 742 тысячы рублёў.

Як ставяцца да абвінавачаньня падсудныя

Старшы лейтэнант Аляксей Круглік віну прызнаў часткова. Вайсковец пагадзіўся са сьледзтвам, што парушыў патрабаваньні дакумэнтаў, якія рэглямэнтуюць абыходжаньне з устаноўкамі і фаервэркамі, але не пагадзіўся з кваліфікацыяй сваіх дзеяньняў.

Аляксей Круглік (справа) і адзін з пацярпелых
Аляксей Круглік (справа) і адзін з пацярпелых

Расейцы сваёй віны цалкам не прызналі. Канстанцін Дзянісаў сказаў, што ягоныя «дзеяньні былі дазволены кіраўніцтвам і адпавядалі эксплюатацыйнай дакумэнтацыі». Самы малодшы з падсудных, Максіміліян Сапронаў, пакуль камэнтароў не выказваў.

Сёньня ж пачаліся допыты падсудных. Першым сваю вэрсію падзей расказаў камандзір патрульнай роты Менскага гарнізону Аляксей Круглік, які непасрэдна кіраваў разьлікам адной з установак, а перад салютам праводзіў падрыхтоўку да яго.

Круглік расказаў, як у Расеі ў горадзе Сергіеў Пасад прайшоў навучаньне і атрымаў спэцыяльнасьць піратэхніка. Пры гэтым якасьць навучаньня, якое атрымаў у расейскай фірме, сам ён ацаніў як даволі нізкую.

Паводле Аляксея Кругліка, расейскія спэцыялісты зь фірмы «Пиро-Росс» заўсёды прыяжджалі ў Менск, каб дапамагчы ў правядзеньні салютаў на 9 траўня і 3 ліпеня.

Прысутныя ў судзе сядзяць у шахматным парадку. У масках былі толькі недзяржаўныя журналісты. Дзяржаўныя былі бяз масак
Прысутныя ў судзе сядзяць у шахматным парадку. У масках былі толькі недзяржаўныя журналісты. Дзяржаўныя былі бяз масак

Што пайшло ня так

Звычайна для дапамогі ў падрыхтоўцы і правядзеньні салютаў у Менск прыяжджаў спэцыяліст «Пиро-Росс» Андрэй Інкін, адзін з канструктараў устаноўкі для фаервэркаў і аўтар салютных картаў — то бок плянаў, паводле якіх праводзяцца запускі фаервэркаў, расказаў Аляксей Круглік.

Але перад салютам на 3 ліпеня 2019 году Андрэй Інкін захварэў і толькі даслаў салютную карту, а замест яго на дапамогу ў Менск выехалі Канстанцін Дзянісаў і Максіміліян Сапронаў.

Аляксей Круглік памятае, як тыя прыехалі ў вайсковую частку на аўтамабілі, у якім прывезьлі каля 200 зарадаў замест прызнаных напярэдадні бракаванымі, а таксама тыя зарады, якіх не хапала паводле карты салюту.

Як абыходзіліся з бракам

На просьбу судзьдзі Святланы Бандарэнкі падсудны патлумачыў, як выявіўся брак і адкуль ён бярэцца.

Зарады для фаервэрку ўяўляюць сабой круглыя капсулы з прэсаванай паперы, усярэдзіне якіх знаходзяцца самі фаервэркі. Гэтыя капсулы падчас транспартаваньня могуць зьмяніць форму і тады проста ня ўлезуць у ствол, таму іх трэба абавязкова аглядаць і правяраць.

Да таго ж бывае, што некаторыя зарады не выстрэльваюць са ствалоў падчас салютаў. Такія зарады называюцца «нястрэламі». Іх потым дастаюць і абавязкова зьнішчаюць, расказаў Аляксей Круглік.

Паводле ягоных паказаньняў, падчас салюту 9 траўня 2019 году такіх «нястрэлаў» чамусьці аказалася больш, чым звычайна, і пра гэта старшы лейтэнант дакладаў свайму начальству.

Таксама больш аказалася «буракоў» — гэта калі салют разрываецца не на належнай вышыні, а значна ніжэй, што таксама ёсьць няштатнай сытуацыяй. І пра гэта Круглік, зь ягоных словаў, дакладаў наверх.

Што рабілі з тымі зарадамі, якія не пралазілі ў ствол устаноўкі? Аказалася, зь імі, паводле Кругліка, можна было абысьціся больш ахайна, і якраз гэтаму Кругліка навучыў Інкін, калі быў у Менску.

«Можна ўзяць нож і проста абрэзаць лішні слой паперы вакол зарада, каб ён уваходзіў у ствол. Або выкарыстоўвалі гэтак званую „абкатку“ — з дапамогай плоскай пліты рубанка прыводзілі зарад у патрэбную форму. Інкін казаў, што яны ў сябе гэтак часта рабілі, гэта нармальна», — расказаў у судзе Аляксей Круглік.

Як вынікае з матэрыялаў справы, апэрацыю па даводцы зарадаў да патрэбнага калібру Круглік, Сапронаў і Дзянісаў паўтарылі і напярэдадні салюту 3 ліпеня. Са словаў Кругліка, яны дапрацавалі каля 100 зарадаў 195 калібру. Але чаму гэтак шмат?

Дом правасудзьдзя ў Менску, дзе ідзе судовы працэс
Дом правасудзьдзя ў Менску, дзе ідзе судовы працэс

Паводле паказаньняў Аляксея Кругліка, для салюту, прымеркаванага на 3 ліпеня, не хапала блізу 200 зарадаў. Лічбу ён вывеў, калі атрымаў «салютную карту» ад Андрэя Інкіна і параўнаў патрэбы ў зарадах з тым, што ёсьць на складзе. Плюс дадаліся тыя зарады, на якія памыліўся Інкін у сваіх разьліках для «карты салюту».

Падсудны Круглік, зь яго словаў, далажыў пра недахоп зарадаў начальству і неўзабаве атрымаў адказ, што зарады 195 калібру, якіх неставала (больш за 135 зарадаў), прывязуць з Расеі Дзянісаў і Сапронаў.

І вось як падсудны апісвае тое, што ўбачыў у скрынях, якія 30 чэрвеня прывезьлі Сапронаў і Дзянісаў.

«Зарады ляжалі россыпам, без упаковак. Па дакумэнтах яны павінны былі быць новымі, але зьнешне яны нагадвалі такія ж „нястрэлы“, якія ў нас не ўзьляталі і мы потым іх зьнішчалі. З абрэзанымі правадамі, з падпалінамі на баках».

І зноў Аляксей Круглік, зь ягоных словаў, расказваў пра гэта вышэйшым камандзірам, але тыя ніяк не адрэагавалі. «Ніякіх загадаў не атрымаў».

«Трэба было не выконваць такі загад»

Сярод пацярпелых у справе аб салюце ёсьць Ганна Зорына. Ганна расказала гісторыю сваёй траўмы.

Ганна Зорына
Ганна Зорына

«Магчыма, я трапіла пад нейкую моцную гукавую хвалю ад выбуху. Памятаю, як быццам штосьці ўварвалася ў адно вуха і вылецела праз другое», — згадвае салют на 3 ліпеня Ганна.

Паводле дзяўчыны, з таго часу ў яе здараюцца моцныя галаўныя болі, бывае, што губляецца памяць пра пэўныя падзеі, часам яна раптоўна пачынае дрэнна сябе адчуваць.

«У мяне, відаць, кантузія, але лекары яе не прызнаюць за траўму, бо ніякіх відочных пашкоджаньняў я не атрымала».

Між тым сьледзтва прызнала Ганну Зорыну пацярпелай. Яна прыйшла сёньня ў суд і зрабіла першыя высновы пра прычыны, якія маглі прывесьці да трагічнага выніку.

«Калі праўда, што кажа Круглік пра старыя зарады, якія прывезьлі з Масквы на замену, дык ён таксама вінаваты, што іх усё ж выкарысталі. Ён мог адмовіцца, настаяць на тым, каб іх адклалі, не выкарыстоўвалі для салюту. Нават калі б яго звольнілі з войска за адмову выконваць загад, людзі б не пацярпелі», — мяркуе пацярпелая Ганна Зорына.

У працэсе абвешчаны перапынак на некалькі дзён.

Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG