Кіраўніцтва ЗАТ «Юніфуд» перавяло частку сваіх работнікаў на няпоўны працоўны час з аплатай працы «прапарцыйна адпрацаванаму часу».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Як гаворыцца ў паведамленьнях, якія атрымалі работнікі, прычынай гэтаму стала «істотнае зьмяншэньне таваразвароту, і адпаведна зьмяншэньне аб’ёму работ».
Няпоўны працоўны час уведзены з 11 траўня. Да 12 красавіка работнікі павінны былі пісьмова выказацца, ці згодныя яны з усталяваньнем няпоўнага працоўнага часу.
Тым, хто адмовіцца працягнуць працу ў новых умовах, прыгразілі звальненьнем з 10 траўня.
Прадстаўніца ЗАТ «Юніфуд» Вольга Бердніковіч патлумачыла карэспандэнту Свабоды, што гэтая аптымізацыя «зьвязаная з тым, што ўласная вытворчасьць у нас цяпер у заняпадзе».
«Цяпер меншая наведвальнасьць крамаў, меншы таваразварот, пакупнікі не набываюць прадукцыю ўласнай вытворчасьці ў тым аб’ёме, як раней. Адпаведна, вырабляць яе ў ранейшых аб’ёмах няма патрэбы. У зьвязку з гэтым прынята рашэньне аптымізаваць уласную вытворчасьць у такі цяжкі час. Мы супрацоўнікаў уласнай вытворчасьці пераводзім на 0,75 стаўкі, адпаведна, працоўны дзень зьмяншаецца і аплата будзе праводзіцца прапарцыйна адпрацаванаму часу», — сказала яна.
Як доўга працягнуцца такія ўмовы, пакуль ня ясна.
А чаму людзі сталі меней набываць прадукцыю?
«Безумоўна, гэта зьвязана з эпідэміяй у краіне. Людзі менш ходзяць у крамы і меней набываюць. Меней набываюць прадукцыі ўласнай вытворчасьці. Магчыма, гэта зьвязана са страхам».
Паводле Вольгі Бердніковіч, унутры кампаніі хворых на каранавірус няма.
«У нас ёсьць супрацоўнікі на самаізаляцыі, якія прыехалі зь іншых краін», — сказала яна.
Адзін з супрацоўнікаў кампаніі са Жлобіна, які вырабляе харчовыя паўфабрыкаты, сказаў карэспандэнту Свабоды, што ў выніку заробкі стануць меншымі.
«Прэміі яны і так зразаюць. Цяпер будуць забіраць чацьвёртую частку акладу. Калі цяпер аклад 530 рублёў, то будзе рублёў 400. Зрэжуць капітальна. Сказалі, калі не падпішаце, нікога не трымаем. Я шмат дзе працаваў, але такой дурноты яшчэ не сустракаў. Прычым у крамах „Алмі“, якімі валодае „Юніфуд“, паднялі цэны. Як гэта разумець?»
Супрацоўнік кажа, што раней ужо работнікаў пераводзілі на 0,75 стаўкі, пакуль сытуацыяй не зацікавіліся кантрольныя органы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ