Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дармаедам» зноў адтэрмінавалі плату за ацяпленьне


Ад 1 траўня 2020 году людзі, прызнаныя «незанятымі ў эканоміцы» Беларусі, мусілі пачаць плаціць больш за астатніх за ацяпленьне, як ужо плоцяць больш за ваду.

Але пастанова Савету Міністраў, апублікаваная 30 красавіка, адклала гэтыя зьмены на год. Цяпер «дармаеды» мусяць плаціць за ацяпленьне (і газ, калі ёсьць газавыя ацяпляльнікі) паводле тарыфаў, якія «забясьпечваюць поўную кампэнсацыю эканамічна абгрунтаваных выдаткаў», ад 1 траўня 2021 году.

З чым зьвязаныя такія зьмены, у пастанове і на сайце ўраду не ўдакладняецца. Першапачаткова ўвесьці такую аплату за ацяпленьне плянавалася яшчэ ад 1 кастрычніка 2019 году, але тады гэта перанесьлі, каб «не дапусьціць неабгрунтаваных выпадкаў налічэньня павялічанай платы за аказаныя паслугі» — быў патрэбен час на «актуалізацыю» базы зьвестак пра «дармаедаў».

Са студзеня 2019 году «дармаеды» цалкам аплочваюць гарачае водазабесьпячэньне. Аб прыпыненьні такіх падвышаных выплатаў навінаў не было.

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

ТЭСТ: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG