Пасьля прыпыненьня паездак кандыдатаў у прэзыдэнты па рэгіёнах і пачатку онлайн-галасаваньня здавалася, што цяпер усе жарсьці, палітычная барацьба, канкурэнцыя праграм і асобаў пяройдуць у інтэрнэт. Аднак гэтага ня здарылася.
Сьцісла:
- Онлайн-галасаваньне ў апазыцыйным праекце «Праймэрыз» паказала невялікую цікавасьць грамадзтва.
- Усясьветная пандэмія адцягнула ўвагу насельніцтва ад выбараў, апазыцыі, палітыкі ўвогуле.
- Скандалы ў апазыцыі нанесьлі моцны ўдар па праймэрыз.
- Сама працэдура онлайн-галасаваньня была арыентаваная на ўдзел толькі апазыцыйнай тусоўкі.
- Грамадзтва ня бачыць у дзейнай апазыцыі рэальнай альтэрнатывы Лукашэнку.
Онлайн-галасаваньне пачалося 25 сакавіка, заканчваецца 30 красавіка. На сёньня, 29 красавіка, прагаласавалі 3688 чалавек. Гэта нават менш, чым агульная колькасьць чальцоў апазыцыйных партый. Чаму праект «Праймэрыз» аказаўся малацікавы для грамадзтва? На тое ёсьць некалькі прычын.
Па-першае, каранавірус. Усясьветная пандэмія, пагроза здароўю і жыцьцю людзей, дзіўныя паводзіны і рыторыка беларускіх афіцыйных асобаў настолькі моцна захапілі ўвагу насельніцтва, асабліва палітычна актыўнай яго часткі, што ўсе астатнія тэмы былі проста выціснутыя на пэрыфэрыю ўвагі. Дарэчы, здаецца, гэта ўсясьветная тэндэнцыя.
Па-другое, абсалютная большасьць насельніцтва добра ўсьведамляе, што такое насамрэч беларускія выбары і хто на іх перамагае. І калі ў звычайнай сытуацыі можна і пагуляць у гэтую гульню дзеля цікавасьці, то ў пэрыяд пандэміі не да гульняў і жартаў.
Па-трэцяе, моцны ўдар па праймэрыз нанёс скандал, які здарыўся ў сакавіку. Тады з праекту выйшлі два кандыдаты зь пяці: Павал Севярынец і Аляксей Янукевіч. Прычым першы зь іх быў відавочным лідэрам. Скандал прадэманстраваў няздольнасьць апазыцыйных лідэраў да элемэнтарных кампрамісаў нават сярод аднадумцаў. А гэта вялікі мінус для палітыкаў.
Па-чацьвёртае, сама працэдура онлайн-галасаваньня была арыентаваная на ўдзел толькі апазыцыйнай тусоўкі. Чалавек, які бярэ ўдзел у галасаваньні, ня толькі ідэнтыфікуе сябе (што зразумела і зьяўляецца перашкодай для фальсыфікацый), але і «дае згоду на ўдзел у ініцыятыўнай групе адзінага кандыдата і лічыць удзел дзеючага кіраўніка дзяржавы ў выбарах незаконным». Гэтая апошняя ўмова дае магчымасьць галасаваць толькі ідэйным змагарам з рэжымам і перакрывае дарогу да ўдзелу ў праекце абываталям.
Па-пятае, сумныя вынікі яшчэ раз дазваляюць засьведчыць, што недавер да існага рэжыму, масавая незадаволенасьць уладамі (якая, як можна меркаваць, моцна павялічылася з прычыны палітыкі кіраўніцтва дзяржавы падчас пандэміі) не трансфармуецца ў падтрымку апазыцыі. Грамадзтва ня бачыць у дзейнай апазыцыі рэальнай альтэрнатывы Лукашэнку. І сытуацыя не дайшла да пункту, калі народ быў бы гатовы падтрымаць хоць ліхтарны слуп, абы ня дзейнага кіраўніка.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.