Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка пасьлядоўны і прадказальны — будзе рабіць тое, што паабяцаў, нават калі ўвесь сьвет ляціць у тартарары»


Аляксандар Лукашэнка і ягоны малодшы сын Мікалай на Вялікдзень наведалі Сьвята-Дабравешчанскі храм у вёсцы Малыя Ляды ў Смалявіцкім раёне, 19 красавіка 2020 году
Аляксандар Лукашэнка і ягоны малодшы сын Мікалай на Вялікдзень наведалі Сьвята-Дабравешчанскі храм у вёсцы Малыя Ляды ў Смалявіцкім раёне, 19 красавіка 2020 году

Палітоляг Аркадзі Мошэс, дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва Эўразьвязу і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў, расказвае, як Фінляндыя змагаецца з каранавірусам, тлумачыць, чаму Аляксандар Лукашэнка ставіцца да пандэміі так, як ставіцца, і заяўляе, што Захад ня дасьць Беларусі грошай без рэформаў.

Сьцісла

  • У Фінляндыі людзі паўжартам кажуць пра «швэдзка-лукашэнкаўскую кааліцыю».
  • Відавочна, Лукашэнка пераацэньваў магчымасьці беларускай сыстэмы аховы здароўя.
  • Захад дасьць грошы на барацьбу з пандэміяй, але гэта не доўгатэрміновыя рашэньні. Вялікіх грошай, калі ня будзе істотных рэформаў, Захад ня дасьць.
  • Ідэя пра тое, што некага можна назваць сваім сябрам і гэты сябар пабяжыць да цябе са сваімі мільярдамі — прынамсі, несучасная.

— Перш чым мы пяройдзем да агульнапалітычных пытаньняў — я папрашу вас расказаць, як ідзе барацьба з каранавірусам у Фінляндыі, дзе вы жывяце. Наколькі я ведаю з паведамленьняў прэсы, жорсткага варыянту карантыну гэтая краіна ня ўводзіла.

— Фінляндыя выбрала адносна мяккі і, у прынцыпе, прагматычны шлях. Самаізаляцыя рэкамэндаваная, людзі, якія могуць працаваць дыстанцыйна, так і працуюць. Зачынілі толькі рэстараны, якім, аднак, дазволена гандляваць сваёй прадукцыяй на вынас. Гатэлі пустуюць, бо зачыненыя межы. Адмянілі наведваньне школаў школьнікам, старэйшым за 4-ю клясу. На некалькі тыдняў быў ізаляваны сталічны рэгіён, але ўжо два тыдні, як гэтая ізаляцыя зьнятая, бо эпідэмія распаўсюджваецца аднолькавымі тэмпамі прыблізна па ўсёй краіне.

Аркадзі Мошэс
Аркадзі Мошэс

Цяпер ужо размова ідзе пра тое, што ў Фінляндыі гэтая крывая захворваньняў стала занадта плоскай, і інфэкцыяністы кажуць, што захварэла надта мала людзей — як бы парадаксальна гэта ні гучала. Таму эпідэмія расьцягнецца і будзе працягвацца даволі доўга. Найгоршы сцэнар — калі яна працягнецца да восені, і тады на яе накладзецца эпідэмія звычайных сэзонных хваробаў. У такім выпадку мэдычная сыстэма краіна будзе перагружаная.

Гэта, вядома, ня значыць, што зараз некага будуць гвалтоўна заражаць. Проста будуць інтэнсыфікаваць тэставаньне і пераходзіць ад ізаляцыі ўсіх спрэс да ізаляцыі найперш канкрэтных групаў рызыкі.

Так што Фінляндыя дае рады даволі пасьпяхова, бяз панікі. Гэта не азначае, што ўсё адпачатку было добра. Былі сур’ёзныя накладкі, у тым ліку наконт сродкаў індывідуальнай абароны, нават для дактароў. Былі заведзеныя крымінальныя справы наконт закупу няякаснага тавару ў Кітаі, так што нават у Фінляндыі бардаку аказалася больш, чым мы тут усе чакалі. Але найгоршага варыянту ўдалося пазьбегнуць.

— Апошнія два месяцы палітолягі і камэнтатары задаюцца пытаньнем, чаму Аляксандар Лукашэнка абраў менавіта такое, адрознае ад іншых краінаў, стаўленьне да каранавірусу. Які ваш адказ на гэтае пытаньне?

— Зь Фінляндыі беларускі досьвед бачыцца ў сукупнасьці са швэдзкім. Тут людзі напаўжартам часам кажуць пра «швэдзка-лукашэнкаўскую кааліцыю». Можна іранізаваць, але часам гэта выглядае даволі сур’ёзна, бо ў Скандынавіі вельмі пільна сочаць за швэдзкім варыянтам, дый у самой Фінляндыі моцнага карантыну, па вялікім рахунку, не было.

Што да паводзін Лукашэнкі, то, я думаю, тут тры прычыны. Першая — эканамічная. З гледзішча афіцыйнага Менску Беларусь ня можа сабе дазволіць спыняць эканоміку, бо няма рэсурсаў і сродкаў дапусьціць сур’ёзныя страты нацыянальнай эканомікі. Надрукаваць грошы нельга, асабліва ў выбарчы год — бо гэта ўдарыць перадусім па найменш забясьпечаных.

Другая прычына — відавочна, Лукашэнка пераацэньваў магчымасьці беларускай сыстэмы аховы здароўя. Калі ў краіне не было тых скарачэньняў, тых рэформаў альбо «псэўдарэформаў», якія былі ў суседніх ды іншых эўрапейскіх краінах — гэта ня значыць, што сыстэма была гатовая змагацца з новым вірусам. Людзі, якія звыклі жыць у сваім сьвеце камандаў і настаўленьняў, думалі, што можна працягваць камандаваць, і ўсё будзе цудоўна працаваць.

Трэцяе, на што ўжо зьвярнулі ўвагу і іншыя аглядальнікі, — гэта, вядома, асабістыя якасьці беларускага кіраўніка. Яму вельмі цяжка прызнаваць, што ён у прынцыпе можа ня мець рацыі. Публічна ў гэтым прызнацца ён ня можа, ён павінен прытрымлівацца таго пункту гледжаньня, які аднойчы выказаў. Мы бачым, што нават у параўнаньні з Украінай лічбы ў Беларусі палохаюць, распаўсюджваньне эпідэміі ідзе хутчэй, агульныя лічбы амаль аднолькавыя — пры тым, што насельніцтва ва Ўкраіне ў 4 разы большае. Тым ня менш, я ня думаю, што беларускае кіраўніцтва гатовае перагледзець свае падыходы.

— Такое стаўленьне беларускага кіраўніцтва да праблемы каранавірусу ўжо атрымала даволі нэгатыўную міжнародную прэсу. Ці лічыце вы, што ўся гэтая гісторыя з пандэміяй пагоршыць міжнародны імідж Беларусі, ці ў дадзеным выпадку Лукашэнка нічога новага не паказаў, а паводзіў сябе так, як ад яго і чакалі?

— Тыя матэрыялы ў заходняй прэсе, які я бачыў, ня вараць адзін кампот зь беларускіх рашэньняў па каранавірусе і беларускай палітычнай сыстэмы. Якраз выйшла, што Аляксандар Лукашэнка аказаўся даволі прадказальны: адзін раз сказаў, што будзе рабіць — так і робіць. Сьвет можа ісьці ў тартарары, але ён працягвае рабіць тое, што абяцаў. Ён ня хоча, ня ўмее, дый ня бачыць сэнсу нешта мяняць у той сыстэме, якая, на ягоную думку, добра працуе ўсе гэтыя гады.

Я ня думаю, што стаўленьне Лукашэнкі да пандэміі нэгатыўна адаб’ецца на іміджы рэжыму і на тых палітычных рашэньнях, якія могуць быць прынятыя наконт узаемадзеяньня зь беларускім рэжымам. Наадварот, у сёньняшнім кантэксьце нейкія рашэньні аб выдачы крэдытаў Менску могуць разглядацца лягчэй, чым дагэтуль.

— Для Лукашэнкі даволі звыкла ісьці не ў нагу з заходнімі краінамі, аднак ня часта так атрымліваецца, што Менск адначасова ідзе не ў нагу і са сваім стратэгічным партнэрам — Масквой. Як каранавірус паўплывае на адносіны Менску і Масквы? Ці зьявяцца нейкія новыя акцэнты, ці пандэмія толькі ўзмацняе тыя тэндэнцыі, якія ўжо былі зафіксаваныя раней?

— Я думаю, ён толькі ўзмацняе ранейшыя тэндэнцыі. Прынцыповая няздольнасьць дамовіцца намецілася і раней. Тым больш што цяпер вылезьлі нейкія цалкам недарэчныя рэчы кшталту газу для Беларусі па 127 даляраў, што з улікам цяперашніх цэнаў у сьвеце выглядае проста неадэкватна рэальнасьці.

Мы бачым, як працягваецца даволі жорсткая рыторыка Менску. У гэтым сэнсе даволі заўважна прагучала інтэрвію міністра замежных спраў Макея. Трэба будзе назіраць за тым, што адбудзецца зь беларуска-расейскай мяжой, што адбудзецца з гандлёвымі плынямі.

— Падзеньне цаны на газ, якое вы ўзгадалі, адбылося разам з падзеньнем цэнаў на нафту. Гэта ўздымае пытаньне, ці так патрэбныя Беларусі менавіта расейскія энэргарэсурсы, бо нафты і газу на рынку цяпер дастаткова, а расейская інтэграцыйная зьніжка ўжо фактычна не існуе.

— Эфэкт будзе рознабаковы, супрацьлеглы. З аднаго боку, нафты хоць заліся і можна ўзяць яе дзе заўгодна. Зь іншага боку, сэнс гэтых асаблівых энэргетычных адносін быў у тым, што Беларусь магла атрымаць свой прыбытак на перапрацоўцы нафты. І сёньня, калі цэны на сырую нафту ўпалі, упалі і цэны на бэнзін, так што і маржа ад перапрацоўкі стала меншая. Узьнікае дзірка ў беларускім бюджэце, якую трэба нечым запаўняць.

А запаўняць яе можна пераважна за кошт тых рэсурсаў, якія можа даць Расея. Захад дасьць грошы на барацьбу з пандэміяй, але гэта не доўгатэрміновыя рашэньні. Вялікіх грошай, калі ня будзе істотных рэформаў, Захад ня дасьць. Таму ня выключана, што Беларусі было б выгадна, каб захавалася старая мадэль — але яна не захаваецца.

— Гэтыя тыдні Беларусь актыўна просіць грошы ў многіх міжнародных фінансавых структураў. Просіць ва ўсіх, але не ў Расеі. Але Беларусь не зьбіраецца кардынальна мяняць сваю сацыяльную мадэль і эканамічную сыстэму.

— Калі яна не зьбіраецца мяняць сваю мадэль — крэдытаў ад МВФ яна не атрымае. Мы бачым на досьведзе Ўкраіны апошніх 3–4 гадоў, як неахвотна і на якіх жорсткіх умовах МВФ выдае грошы. Ідэя пра тое, што некага можна назваць сваім сябрам і гэты сябар пабяжыць да цябе са сваімі мільярдамі — прынамсі, несучасная.

Пасьля таго як скончыцца пэрыяд «верталётных грошай» і ўкіданьня вялікіх грошай у эканоміку — гэтыя грошы будуць з эканомікі забірацца. Простых і танных грошай пасьля гэтага ў сьвеце ня будзе, яны будуць давацца толькі пад рэформы. Такі жорсткі выбар, ён стаў яшчэ больш складаны, чым быў тры месяцы таму.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG