Пошукавік «Яндэкса» на запыт «Навальный» аддаваў прыярытэт нэгатыўным матэрыялам пра расейскага апазацыйнага палітыка Аляксея Навальнага. На гэта зьвярнуў увагу карыстальнік Tjournal. Сама кампанія патлумачыла тое, што адбываецца, экспэрымэнтам.
У ноч на 27 красавіка карыстальнік заўважыў, што пры запыце «Навальный» у віджэтах, якія паказваюцца зьверху пошукавай выдачы, зьяўляліся матэрыялы з нэгатыўнай афарбоўкай, такія як: «Боты Навального накрутили просмотры эфира Соболь на „Эхе Москвы“», «Безграмотность Навального может привести Россию к экономическому краху» і «Портрет в лифте: Навального надо было вызволять из мусорки, но мы не стали».
Пазьней карыстальнік заўважыў, што альгарытмы пошукавіка зьмяніліся і ён стаў паказваць «вобраз Навальнага больш сьціпла».
У самім «Яндэксе» патлумачылі сытуацыю «часовым экспэрымэнтам. У кампаніі адзначылі, што ўвесь час спрабуюць па-рознаму паказваць кантэнт у выніках пошуку. Прыярытэт нэгатыўных публікацыяў пра Навальнага ў кампаніі назвалі «адным з такіх экспэрымэнтаў». Пасьля вывучэньня яго вынікаў у «Яндэксе» будуць вырашаць, як дапрацаваць функцыянальнасьць у будучыні, заявілі ў кампаніі.