Сваякам заслужанага артыста Беларусі Генадзя Забары, які мае каранавірус, адмаўляюць у правядзеньні тэстаў на COVІD-19.
Сын Генадзя Забары Павал і ягоныя сябры праз фэйсбук шукалі плязму для вядомага музыкі з двухбаковай пнэўманіяй і COVІD-19. Прыдатную групаю крыві плязму мэдыкі знайші — у Беларусі зараз ствараюць «банк плязмы» з антыцеламі ад перахварэлых, каб ратаваць цяжка хворых.
«Бацька нікуды ня едзьдзіў, ні з кім не камунікаваў»
9 красавіка заслужаны артыст Генадзь Забара зьвярнуўся ў паліклініку да тэрапэўта з сардэчнымі праблемамі: артыміяй, задышкай, вельмі нізкім гемаглябінам. Там яго абсьледавалі і ўжо ня выпусьцілі — адразу паклалі ў аддзяленьне кардыялёгіі другога шпіталя.
«Спачатку бацька ляжаў у палаце адзін. А праз пару дзён да яго ў кардыялёгію „падсялілі“ двух пажылых мужчын з пнэўманіямі. У суботу, 11-га, усім траім зрабілі тэсты на каранавірус. Іх не „разьвялі“, пакінулі яшчэ на 3 дні разам у адной палаце. А ў панядзелак увечары прыйшлі вынікі тэстаў: у двух мужчын станоўчыя, у бацькі — адмоўны. Тады яго перавялі ў аднамесную палату і ў сераду выпісалі», — расказаў Павал.
Сын адвёз бацьку на лецішча, у самаізаляцыю. А ў ноч зь пятніцы на суботу 18 красавіка ў Генадзя Іванавіча рэзка паднялася тэмпэратура. Два дні ён праляжаў на лецішчы, бо былі выходныя, тэрапэўт не прымае.
У панядзелак артыст самастойна з рэчамі паехаў у той самы 2-і шпіталь.
«Яму зрабілі кампутарную тамаграфію, вынікі не паведамілі і ў аўторак перавезьлі ў 6-ы шпіталь. І ўжо там паставілі дыягназ: цяжкая двухбаковая вірусная пнэўманія і каранавірус — тэст выявіўся станоўчым. Бацька нікуды ня езьдзіў, ні зь кім не камунікаваў — наша сям’я падзялілася на тры групы для самаізаляцыі ў розных кватэрах і на лецішчы. Так што заразіцца ён мог толькі ў другім шпіталі», — перакананы Павал.
«Уявіце хваляваньні родных, якія ня могуць даведацца стан хворага!»
Генадзь Забара праз тэлефон сказаў сыну, што лечаць яго гідроксіхлярахінам. Папрасіў перадаць лекі ад астмы, якіх няма ў шпіталі. Аднак родныя ніяк ня могуць паразмаўляць з адказным доктарам. У аддзяленьне, натуральна, нікога не пускаюць. У ардынатарскай тэлефон ніхто не здымае — дактары там не сядзяць, працуюць у палатах, у лябараторыях.
«Я разумею, што ўвесь мэдычны пэрсанал ходзіць у ахоўных касьцюмах, і з тэлефонам ім цяжка. Аднак уявіце хваляваньні родных, якія ня могуць даведацца стан хворага! Няўжо нельга пасадзіць на тэлефон студэнтку-практыкантку, якая б глядзела ў кампутар і гісторыю хваробы і паведамляла б сваякам, які стан у пацыента, чым яго лечаць?» — задае рытарычнае пытаньне Павал.
Сына непакоіць, што ў бацькі доўга трымаецца высокая тэмпэртура. У палаце ёсьць унутраны тэлефон, хворыя самі мераюць тэмпэратуру. Калі падымаецца вышэй за 38, загадалі паведамляць на пост мэдсястры.
«Бацька раз патэлефанаваў, другі, трэці, паведаміў пра тэмпэратуру. Потым прыходзіць доктарка, таксама запытваецца пра тэмпэратуру. Бацька адказвае: „39,2“. Яна забегала: „Дык што ж вы маўчыце!“ Пачалі штосці калоць, кропельніцы ставіць, каб зьбіць тэмпэратуру. Так што пакуль асаблівых зьменаў няма, стан сярэдняй цяжкасьці. Адзінае, што дае надзею, — пару дзён раніцамі бацька пачуваецца крыху лепш, чым увечары», — выказвае спадзяваньні сын.
Плязму ад перахварэлага на каранавірус, якая адпавядае групе крыві, для Генадзя Забары знайшлі. Але пакуль у яго высокая тэмпэратура і плязму баяцца ўводзіць — тэмпэратуру неабходна зьбіць. І завершыць асноўнае лячэньне гідроксіхлярахінам.
Сваякам хворага артыста адмаўляюць у тэстах на каранавірус
Сын Генадзя Забары Павал — кантакт першага ўзроўню, ён адвозіў бацьку са шпіталя на лецішча на сваім аўтамабілі. Павал спачатку прыйшоў у паліклініку пры 2-м шпіталі, дзе бацькава картка. Яму адмовілі. Зьвярнуўся ў 6-ы шпіталь, дзе цяпер ляжыць бацька з пнэўманіяй і каранавірусам.
«Намесьнік галоўнага доктара запыталася: «У вас сымптомы ёсьць?» Кажу: толькі кашаль. — «Тады вам трэба ў сваю паліклініку на месцы жыхарства».
Прыходжу 24 красавіка ў сваю паліклініку № 8 ва Ўруччы. Людзей там зусім няма. Тэрапэўту тлумачу пра бацьку, пра сваё лёгкае недамаганьне, кашаль. Яна адказвае: «Не паложана, вы тут натоўпамі ходзіце». Прашу: дайце мне накіраваньне на тэст у 6-ы шпіталь, я сам буду дамагацца. — «Не, не магу». Тлумачу: «Можа, я інфікаваны, хвароба ў лёгкай форме прайшла, і я змагу плязму здаць для цяжкіх». — «Не, не паложана», — абураецца Павал.
Два дні таму таксама зь цяжкай двухбаковай пнэўманіяй у 2-і шпіталь паклалі старэйшага брата Генадзя Забары. Праўда, браты апошнім часам не кантактавалі і нават ня бачыліся. Першы тэст на каранавірус у Паўлавага дзядзькі адмоўны. Але пляменьнік цяпер перажывае і за яго, каб не падчапіў каранавірус у шпіталі, як яго брат. «Хачу папярэдзіць людзей, каб бяз вострай патрэбы не імкнуліся класьціся ў шпіталі. Там небясьпечна», — кажа Павал Забара.
Генадзь Забара — саліст Дзяржаўнага акадэмічнага сымфанічнага аркестру Беларусі і Белдзяржфілармоніі, артыст ансамблю «Клясык-авангард», выкладчык Беларускай акадэміі музыкі.