Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адбыўся няшчасны выпадак». 10 фактаў пра Чарнобыльскую катастрофу


Адзін зь першых здымкаў 4-га блёку ЧАЭС пасьля выбуху 26 красавіка 1986
Адзін зь першых здымкаў 4-га блёку ЧАЭС пасьля выбуху 26 красавіка 1986

У суботу 26 красавіка 1986 году, у 1:23:47 гадзін, на 4-м энэргаблёку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ва Ўкраінскай ССР адбыўся выбух, які цалкам разбурыў атамны рэактар. Як мяркуюць экспэрты, выбух выкінуў у атмасфэру 97% радыяактыўнага паліва, якое на той час знаходзілася ў рэактары.

Выбух на Чарнобыльскай АЭС расцэньваецца як найбуйнейшая ў сваім родзе аварыя за ўсю гісторыю атамнай энэргетыкі, як паводле колькасьці загінулых і пацярпелых ад яе наступстваў людзей, так і паводле нанесенай ёю эканамічнай шкоды.

У спэцыялістаў няма адзінага меркаваньня ні аб дакладных прычынах аварыі, ні аб яе наступствах для здароўя людзей і эканомікі. Ніжэй мы пастараліся сабраць у 10 пунктах тыя зьвесткі пра Чарнобыльскую катастрофу, якія можна лічыць устаноўленым фактамі або такімі, адносна якіх меркаваньні экспэртаў больш-менш сыходзяцца.

Мітынг з патрабаваньнем праўды пра Чарнобыль у Менску, 1990
Мітынг з патрабаваньнем праўды пра Чарнобыль у Менску, 1990

1. Натура выбуху

Выбух у Чарнобылі ня быў ядзерным выбухам, у выніку якога наступіла некантраляваная ланцуговая рэакцыя дзяленьня ядра, а нагадваў магутны выбух «бруднай бомбы», асноўным наступствам якога стала радыяактыўнае забруджаньне разьлеглай тэрыторыі.

2. Прычына і адказнасьць

Існуюць дзьве афіцыйныя вэрсіі адносна прычыны выбуху на 4-м энэргаблёку, якія ўзаемна не выключаюць адна адну.

Дзяржаўная камісія, сфармаваная адразу пасьля выбуху, асноўную адказнасьць за аварыю ўсклала на апэратыўны пэрсанал і кіраўніцтва ЧАЭС, якія парушылі рад правілаў пры спыненьні працы энэргаблёку дзеля плянавага рамонту і пры экспэрымэнце, які праводзіўся пры гэтай нагодзе.

У 1991 годзе камісія Дзяржатамнагляду СССР прыйшла да высновы, што аварыя, запачаткаваная памылковымі дзеяньнямі пэрсаналу ЧАЭС, набыла катастрафічныя маштабы з прычыны нездавальняючай канструкцыі рэактара тыпу РБМК-1000.

Міхаіл Гарбачоў з жонкай Раісай наведваюць ЧАЭС, люты 1989
Міхаіл Гарбачоў з жонкай Раісай наведваюць ЧАЭС, люты 1989

3. Першыя паведамленьні

На другі дзень пасьля аварыі пра рэзкае павышэньне радыяцыйнага фону ў сваёй паветранай прасторы першымі заявілі прадстаўнікі Швэцыі.

Першае паведамленьне аб аварыі ў савецкіх СМІ прагучала 27 красавіка, праз 36 гадзін пасьля выбуху. Дыктар радыёсеткі ў горадзе Прыпяць, які знаходзіцца за 3 кілямэтры ад ЧАЭС, паведаміў пра збор і часовую эвакуацыю жыхароў гораду.

Першае ўсесаюзнае паведамленьне зрабіла агенцтва ТАСС 28 красавіка ўвечары, праз 66 гадзін пасьля катастрофы:

«На Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбыўся няшчасны выпадак. Адзін з рэактараў атрымаў пашкоджаньне. Прымаюцца меры з мэтай ліквідацыі наступстваў інцыдэнту. Пацярпелым аказана неабходная дапамога. Створана ўрадавая камісія для расьсьледаваньня таго, што адбылося».

4. Сьмяротныя ахвяры

На працягу першых трох месяцаў пасьля аварыі памёр 31 чалавек, яшчэ 19 сьмерцяў можна аднесьці да яе прамых наступстваў. Высокія дозы апрамяненьня людзей, у асноўным зь ліку аварыйных работнікаў і ліквідатараў, паслужылі або могуць паслужыць прычынай чатырох тысяч дадатковых сьмерцяў ад аддаленых наступстваў апрамяненьня.

5. Ліквідатары

Непасрэдна ў ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі ўзялі ўдзел больш за 600 тысяч чалавек.

Пакінутая беларуская вёска ў Чарнобыльскай зоне
Пакінутая беларуская вёска ў Чарнобыльскай зоне

6. Эвакуацыя і адсяленьне

У выніку аварыі тэрыторыя на дзясяткі кілямэтраў вакол ЧАЭС была забруджана радыянуклідамі звыш дапушчальных узроўняў. Агульная колькасьць чалавек, эвакуяваных і адселеных з забруджаных зон, склала 200 тысяч чалавек.

7. Радыяактыўнае забруджаньне Беларусі

Для Беларусі наступствы аварыі аказаліся найбольш цяжкімі. На тэрыторыю Беларусі прыпала 70% усяго радыяактыўнага забруджаньня. На землях з вышэйшым за норму ўзроўнем забруджаньня цэзіем-137 апынуліся каля 2,1 мільёна чалавек.

Мапа забруджанасьці радыенуклідамі Гомельскай вобласьці
Мапа забруджанасьці радыенуклідамі Гомельскай вобласьці

8. Анкалягічныя захворваньні ў Беларусі

У параўнаньні з дааварыйным пэрыядам, да 1990 году колькасьць выпадкаў раку шчытападобнай залозы сярод дзяцей у Беларусі ўзрасла ў 33,6 разы. За пэрыяд 1990–2000 частата ўсіх анкалягічных захворваньняў у краіне павялічылася на 40%.

9. Закрыцьцё ЧАЭС

Апошні блёк ЧАЭС канчаткова спыніў сваю працу 15 сьнежня 2000 году. Разбураны 4-ы блёк ЧАЭС быў прыкрыты жалезабэтонным саркафагам, сьпешна пабудаваным у 1986 годзе. У 2016 годзе гэты саркафаг быў прыкрыты рухомай сталёвай канструкцыяй, якая атрымала назву «новага бясьпечнага канфайнмэнту».

"Новы бясьпечны канфайнмэнт" над разбураным энэргаблёкам ЧАЭС
"Новы бясьпечны канфайнмэнт" над разбураным энэргаблёкам ЧАЭС

10. Чарнобыльская аварыя ў кінэматографе

Па матывах Чарнобыльскай аварыі быў зьняты цэлы шэраг дакумэнтальных і мастацкіх фільмаў для кіно і тэлевізіі. З самых апошніх стужак варта згадаць расейскі тэлесэрыял «Чарнобыль. Зона адчужэньня» (1 сэзон — 2014, 2 сэзон — 2017); міжнародную кінапрадукцыю «Галасы Чарнобылю» (2016) паводле кнігі «Чарнобыльская малітва» Сьвятланы Алексіевіч; мінісэрыял «Чарнобыль» (5 сэрый, 2019), зьняты амэрыканскім тэлеканалам HBO і брытанскай тэлесеткай Sky.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG